Общество

«Я купалася ў татавай любові». Якім быў беларускі відэаапэратар Дзяніс Сакалоўскі, які раптоўна памёр у Нямеччыне

Калегі называюць Дзяніса Сакалоўскага адным з найлепшых відэаапэратараў Беларусі. Ён выхоўваў дачку па-беларуску, любіў антыкварны посуд і марынаваны часнык, цешыўся, што стане дзедам. Блізкія расказалі Свабодзе, якім ён быў чалавекам.

Дзяніс Сакалоўскі з дачкой Васілінай у Бэрліне. Фота з прыватнага архіву

Цела беларускага палітуцекача Дзяніса Сакалоўскага знайшлі ў ягонай кватэры ў Бэрліне сёлета 21 лютага. Яму было 47 гадоў. Перад гэтым мужчына некалькі месяцаў хварэў. Сакалоўскі хацеў вярнуцца дадому і тужыў па радзіме, расказваюць у размове са Свабодай блізкія і сябры памерлага.

Пахаваць Дзяніса плянуюць у Беларусі. Для гэтага сям'і памерлага патрэбныя сродкі, толькі перавоз цела памерлага на радзіму будзе каштаваць каля 2800 эўра. 25 лютага фонд BySol адкрыў адпаведны збор.

Не пайшоў да лекараў

Дзяніс жыў у Нямеччыне з 2022 году. Абраў Бэрлін, бо там жыў сябар. За мяжой ня мог знайсьці сталую працу ў прафэсіі. Працаваў на будоўлі па 10–12 гадзін на дзень, але ніколі ня скардзіўся блізкім, кажа ў размове з Свабодай ягоная дачка Васіліна.

— Мы пачалі працаваць разам. Так яно заўсёды лягчэй. Чалавек ён дужы. Праца была розная — дзяўблі бэтон, будавалі дах, працавалі з дрэвам, малярна-тынкарскія працы. Мы браліся за ўсё, дзе былі хоць якія грошы, — расказвае сябар Дзяніса Павал* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).

У канцы лістапада мінулага году Дзяніс захварэў, успамінае фатограф Дзьмітры Брушко. У яго быў моцны кашаль, дыхавіца, пачуваўся слаба. Сябры мяркуюць, што ён мог перанесьці каранавірус, а потым і пнэўманію. Аднак да лекараў не зьвяртаўся, таму дакладны дыягназ ня быў вядомы. Хваробу пераносіў на нагах, каб зарабіць грошы. Чакаў, што ўвесну да яго прыедуць родныя.

— Ён працаваў на знос. Калі была праца, ён працаваў — хворы ці не, бо былі фінансавыя праблемы, — кажа Дзянісаў сябар Мікіта* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).

Дзяніс Сакалоўскі падчас падпрацоўкі. Фота з прыватнага архіву

Сябры кажуць, што ў гэты пэрыяд рэгулярна спраўджвалі, як Дзяніс сябе адчувае, прапаноўвалі дапамогу лекамі, прадуктамі. Аднак ён звычайна адмаўляўся.

— Ён закрыўся ў сабе, не хацеў сустракацца зь людзьмі, было цяжка зь ім кантактаваць. Думаю, у яго, як у многіх беларусаў, была пазыцыя: я самастойны, ня трэба дапамогі, я сам змагу гэта перажыць, не хачу ствараць праблемащ іншым, — мяркуе Дзьмітры Брушко, які рэгулярна быў на сувязі зь Дзянісам.

Дачка таксама заўважае, што калі тата хварэў, то ня скардзіўся, зь яго абцугамі трэба было выцягваць інфармацыю.

Сябры настойвалі, каб Сакалоўскі пайшоў да лекара. Аднак ён не хацеў. Магчыма, асьцерагаўся, што такі візыт дорага будзе яму каштаваць, калі яго пакладуць у шпіталь, бо ў яго была ня вельмі добрая мэдычная страхоўка, якая магла не кампэнсаваць усіх выдаткаў, тлумачыць Мікіта.

Раней была сытуацыя, калі Дзяніс забыўся працягнуць страхоўку і заплаціў больш за дзьве тысячы эўра, калі зьвяртаўся да лекараў у іншым пытаньні, успамінае Павал.

Апошні месяц Сакалоўскі ўжо ня мог працаваць праз стан здароўя. Вырашыў адляжацца. Прымаў антыбіётыкі. Незадоўга да сьмерці Дзяніса Мікіта разам зь іншым сябрам «прымусова наведалі» яго дома. Тады ён, з словаў суразмоўцы, выглядаў «слабым і схуднелым, але некрытычна». Казаў, што яму ўжо лепш.

Апошні раз Дзяніс выходзіў на сувязь ранкам у пятніцу, 20 сьнежня, успамінае Дзьмітры Брушко. Увечары ён ужо не адказваў на паведамленьні. Сябры забілі трывогу і на наступны дзень прыйшлі да Дзяніса дадому. Кватэру ім адчыніла ўласьніца жытла.

— Калі ўскрывалі кватэру, усё было чыста, на сваіх месцах, — адзначае Брушко.

Унутры яны знайшлі цела ўжо памерлага Дзяніса. Прычына сьмерці пакуль невядомая.

— Ён надта шмат узяў на сябе і, напэўна, ня даў рады. Магчыма, тое, што ён сядзеў 8 месяцаў у турме, адгукнулася, можа быць, шалёныя нагрузкі, калі ён тут працаваў.

Мне здаецца, вялікая праблема была ў тым, што ён не давяраў лекарам. Мы ўсе імкнуліся яму дапамагчы, пераканаць, каб ён зьвярнуся да мэдыкаў, але ён не зьвярнуўся. І мы надта позна прыйшлі, каб паспрабаваць яму дапамагчы, — шкадуе сябар Мікіта.

«Ганаруся табой, прынцэса!»

Дзяніс Сакалоўскі нарадзіўся ў Прылуках пад Менскам.

— Ён вельмі любіў Прылукі. Бывала, пасьля працы ў будзень ён мяне забіраў: «Паехалі паветрам падыхаць», — успамінае ягоная дачка Васіліна.

Яна нарадзілася, калі бацьку было 19 гадоў. Праз адносна невялікую розьніцу ўзросту з дачкой Дзяніс прасіў ейных сяброў зьвяртацца да яго на «ты».

— Я зь дзяцінства ведала, што ён мяне бязьмежна любіў. Я дзяўчо, якое купалася ў татавай любові. Ён заўжды мяне падтрымліваў. Казаў: «Люблю цябе, дачушка. Ты малайчынка! Ганаруся табой, прынцэса!»

Ён абдымаў мяне. Я адчувала яго любоў паўсюль. Яна была такая вялікая! Я вельмі шчасьлівы чалавек, што ў мяне быў такі тата. Я мала ведаю людзей, у якіх было вялізнае адкрытае сэрца да ўсяго сьвету, — кажа Васіліна.

Дзяніс з дачкой Васілінай, фота з прыватнага архіву

Дзяўчынку выхоўвалі ў сям’і па-беларуску. Яна хадзіла ў беларускамоўную гімназію № 23 у Менску. Тата пасьля школы вадзіў яе на мастацкія выставы, у кіно, знаёміў дзяўчо з сваімі сябрамі-мастакамі. Разам з дачкой ляпіў з плястыліну ці плястыкі.

— Ён мне паказаў музыку. У нас музычны густ цалкам падобны. Гэта рэтра-рокавая клясная музыка, — кажа суразмоўца.

Васіліна кажа, што яны часта сазвоньваліся з бацькам ужо ў эміграцыі. Маглі прагаварыць усю ноч. Часам сустракаліся ў яго ў Бэрліне або ў яе ў Варшаве. Але апошнімі тыднямі мала камунікавалі. Апошні раз бачыліся на ейны дзень нараджэньня летась у жніўні.

«Быў адным з найлепшых апэратараў у Беларусі»

Дзяніс Сакалоўскі скончыў у Менску мастацкі каледж імя Глебава ў кірунку «скульптура» і Акадэмію мастацтваў як відэаапэратар.

— Ён быў цікавым, упэўненым у сабе чалавекам. Не было сумневаў, што ён займаецца сваёй справай самааддана і зьяўляецца безумоўным аўтарытэтам у сваім асяродзьдзі, — успамінае Павал, які вучыўся разам з Сакалоўскім у Акадэміі мастацтваў у пачатку 2000-х.

Калегі называюць Дзяніса адным з найлепшых відэаапэратараў Беларусі. Больш за дзесяць гадоў ён працаваў у Белтэлерадыёкампаніі апэратарам-пастаноўнікам. Аднак увесь час сумяшчаў працу на беларускія дзяржаўныя тэлеканалы з працай на мэдыя ў Нямеччыне, Францыі, Нарвэгіі, Катары, Саудаўскай Арабіі, Аўстраліі: ARD, ZDF, DW, Arte, mdr, TV France, Al Jazeera, Al Arabia, NRK, ABC (TV Australia).

Дзяніс Сакалоўскі за камэрай, фота з прыватнага архіву

Васіліна перакананая, што ў ейнага бацькі нават на дзяржаўнай тэлевізіі не было рэпартажаў, за якія яму было б сорамна, ён не паступаўся сваімі прынцыпамі, не падстаўляў нікога, асуджаў прапаганду. Ён зь дзяцінства вучыў дачку параўноўваць, як розныя мэдыя падаюць адну і тую ж падзею.

Сябар Дзяніса Ян* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў Свабодзе, што Сакалоўскага не пускалі здымаць палітычныя сюжэты яшчэ да 2020 году, бо лічылі яго недастаткова ляяльным.

— Ён думаў, што можна прафэсійнай працай уплываць на сыстэму, і, як я разумею, у большасьці выпадкаў адмяжоўваўся ад прапагандысцкіх праектаў, — кажа сябар Дзяніса Павал пра ягоную працу ў дзяржаўнай тэлевізіі.

Сакалоўскі ў 2007 годзе атрымаў трэцяе месца ў намінацыі «Найлепшы тэлеапэратар Беларусі», а ў 2017 стаў лепшым апэратарам у прэміі «Тэлевяршыня».

Мікіта, сябар і калега Дзяніса, які ведаў яго больш за дзесяць гадоў, кажа, што той яшчэ ў маладосьці быў вельмі таленавітым апэратарам. У Беларусі яны разам здымалі навіны, у тым ліку пратэсты, для замежных мэдыя.

— Калі ў мяне была магчымасьць, я выбіраў Дзяніса, бо ён быў адным з найлепшых апэратараў у Беларусі, — кажа суразмоўца.

Дзяніс Сакалоўскі на адпачынку. Фота з прыватнага архіву

Таксама разам яны зьнялі некалькі вялікіх дакумэнтальных фільмаў, у тым ліку беларускую частку фільму Awaken, які атрымаў узнагароду на міжнародным фэстывалі. Увесь фільм здымалі ў 35 краінах, ён паказвае іх адметнасьці.

Кадры зь Беларусі доўжацца некалькі хвілін, але іх здымалі месяц. Менавіта беларускімі кадрамі пачынаецца трэйлер фільму — дзяўчаты з паходнямі заходзяць у ваду на Купальле, расказвае Мікіта.

— Гэта мелі быць ідэальна прыгожыя карцінкі. Дзяніс іх зрабіў проста фэнамэнальна, — кажа калега.

Ён заўважае, што Сакалоўскі меў вялікі досьвед працы на дзяржаўнай тэлевізіі і заўсёды ведаў, што трэба зьняць. Умеў працаваць зь якой-хаця апаратурай, быў гнуткі, падстройваўся пад задачы, сам прапаноўваў, што зьняць, каб было прыгожа.

Ён сам мог выстаўляць сьвятло, запісваць гук, выбудоўваць кампазіцыю, хоць гэта рабілі ня ўсе апэратары. Пры гэтым ня скардзіўся і працаваў з задавальненьнем.

— Кіраваў гелікоптэрамі і кранамі. Вельмі добра бачыў карцінку, меў адчуваньне кампазыцыі. Заўсёды здымаў раскошную карцінку. Ён надзейны чалавек, на якога можна было разьлічваць. Усе людзі на замежных каналах, зь якімі мы супрацоўнічалі, былі ў захапленьні ад карцінкі і потым запрашалі працаваць толькі Дзяніса, — расказвае калега.

— Калі мне трэба было дапамагчы зь відэа, ён рабіў гэта. Казаў: «ніякіх пытаньняў», рабіў гэта хутка і добра. Дапамагаў на беларускіх імпрэзах у Бэрліне. Нешта падключыць, зрабіць відэа — гэта ён рабіў бясплатна, — адзначае фатограф Дзьмітры Брушко.

Яшчэ адзін дакумэнтальны фільм, які здымаў Дзяніс і які атрымаў узнагароду на міжнародным фэстывалі, — «Я, Андрэй Іванавіч». Ён расказвае пра вязьня канцлягераў Другой усясьветнай вайны Андрэя Маісеенку. Сёлета яму спаўняецца сто гадоў, мужчына жыве ў Беларусі. Фільм здымалі ў некалькіх частках у Беларусі і Нямеччыне. Іншыя ягоныя фільмы зь міжнароднымі прэміямі — «Сестра Иоанна» і «Demigod».

Праз кепскае валоданьне нямецкай мовай Дзянісу было складана знайсьці працу апэратара ў Нямеччыне, заўважае Мікіта. Каб добра вывучыць мову, яму трэба было б паўгоду хадзіць на курсы, але ён ня мог сабе гэтага дазволіць і не працаваць у гэты час. Сакалоўскі вучыў нямецкую мову праз Duolingo. Хацеў знайсьці ў Нямеччыне працу ў спэцыяльнасьці.

«Яму было цікава і ў балоце, і ў палацы»

Некалькі гадоў, працуючы на Белтэлерадыёкампаніі, Дзяніс Сакалоўскі здымаў цыкль дакумэнтальных фільмаў «Зямля беларуская».

— Гэта было вельмі клясна зроблена. Яны езьдзілі па Беларусі, здымалі мястэчкі. Ён любіў гэта моцна. Яго цягнула быць журналістам у полі, а не ў кабінэце, — расказвае Дзянісава дачка Васіліна.

Дзяніс таксама папраўляў тэксты калег па-беларуску, каб было правільна і прыгожа. Настойваў, каб тое, што магчыма, рабілі на беларускай мове, расказвае дачка.

Яна таксама пасьпела папрацаваць разам з татам. Ён дапамагаў дачцэ здымаць фільм для дыплёму ў ЭГУ.

— Я ведала, што мой тата профі. Калі людзі даведваліся, што я дачка Сакалоўскага, мне ўсе казалі: «Твой тата найлепшы апэратар». Калі я апынулася ў ролі журналісткі, я адчула гэты кайф, абсалютны спакой і ўпэўненасьць, што ён зробіць усё ідэальна, — кажа суразмоўца.

Дзяўчына пайшла вучыцца на журналістыку сьлядамі бацькі, бо бачыла, як ён захоплены сваёй працай, што можа працаваць «удзень і ўначы».

— Яму было цікава працаваць і ў балоце, і ў палацы, — падсумоўвае яна.

Васіліна адзначае, што бацька ўмеў здымаць рознае.

— Мне здаецца, няма нічога, што мой тата ня мог бы зьняць. Ён расказваў, як здымаў з гелікоптэра і забыўся прышпіліцца: «Я ледзь ня выпаў, але ўсё гуд!» Здымаў, калі скакаў з парашутам, з самалёта, рабіў падводныя здымкі — у яго дайвэрская катэгорыя, — расказвае яна.

Восем месяцаў за кратамі

У 2020 годзе Сакалоўскі далучыўся да страйку ў Белтэлерадыёкампаніі. Яго звольнілі. Разам з калегамі ён працаваў над стварэньнем незалежнай мэдыяплятформы — «альтэрнатыўнай тэлевізіі». 22 сьнежня 2020 году яго затрымалі ў справе «Прэс-клюбу». Восем месяцаў ён правёў у СІЗА.

— У нас быў такі моцны кантакт, мы адчувалі адно аднаго. Аднойчы, калі бацька быў у турме, ён мне прысьніўся і ўва сьне прасіў дапамагчы. Пасьля прыйшлі лісты і адвакат паведаміў, што ён захварэў тады ў сьледчым ізалятары, — расказвае ягоная дачка Васіліна.

Спачатку Сакалоўскага абвінавачвалі ў «дапамозе ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў». У жніўні 2021 году яго выпусьцілі з падпіскай аб нявыезьдзе. Аднак прызналі падазраваным ва «ўдзеле ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». У 2022 годзе Дзяніс выехаў зь Беларусі ў Нямеччыну.

— Зь Дзянісам мы сустракаліся ўжо ў Нямеччыне. Ён быў вельмі сьціплым былым палітвязьнем. Заўсёды кіраваўся такім прынцыпам, што іншым людзям падтрымка важнейшая, чым яму, і стараўся разьлічваць на свае сілы. Адразу шукаў магчымасьць працаваць, зарабляць самастойна, — апісвае Сакалоўскага супрацоўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

«Панк-рокерскі дух»

Актор і вядоўца Аляксей Сапрыкін, зяць Дзяніса Сакалоўскага, расказаў Свабодзе, што ў іх была невялікая розьніца — 13 гадоў, таму стасаваліся яны даволі блізка і на «ты». Сакалоўскі любіў шукаць у падарожжах рэчы з гісторыяй, прыкладам, старажытны посуд.

— Мы знаходзілі мноства цікавых тэмаў, зьвязаных з кіно, мастацтвам, жыцьцём, філязофіяй. Ён вельмі шмат чаго ведаў, любіў апавядаць гісторыі, — кажа Аляксей.

Дзяніс любіў добра паесьці, адзначае суразмоўца. Але апошнім часам жыў у такіх умовах, калі ня мог сабе нешта выгатоўваць. Васіліна з Аляксеем стараліся прыгатаваць для яго нешта смачнае, калі Дзяніс прыяжджаў да іх у госьці.

— І ён сябе адчуваў як дома, як у Прылуках, у ягоным месцы сілы, хоць мы ўсе даўно жылі за мяжой. Радаваўся, калі мы захоўвалі для яго гасьцінцы зь Беларусі. Ён усіх любіў частаваць марынаваным часныком сакрэтнага рэцэпту, — кажа суразмоўца.

Аляксей дадае, што цесьць заўсёды імкнуўся дапамагчы, нават калі сам быў у складанай сытуацыі. Ён узгадвае, як аднойчы ў Дзяніса падчас паездкі было дзьве гадзіны ў Варшаве паміж перасадкамі. І ён у гэты час дапамог ім перавезьці мэблю на новае месца жыхарства.

Дзяніс з дачкой і зяцем у Бэрліне. Фота з прыватнага архіву

— Васіліна мне кажа: «Ты ведаеш, ён вельмі цябе любіў». Я яго таксама вельмі любіў. Я памятаю першую нашую сустрэчу. Ён так хваляваўся, што нават кашулю надзеў, а звычайна ён адзяваўся ў джынсы і тышотку, — расказвае Аляксей.

Аднойчы, калі Аляксей з Васілінай гасьцілі ў Дзяніса ў Бэрліне, той зрабіў для іх сюрпрыз і зарэзэрваваў ім начлег у дамку на колах на Александэрпляц — цэнтральнай плошчы гораду.

— У яго быў панк-рокерскі дух, рок-н-рольны. Можа быць, гэта ня вельмі зручна, але вельмі цёпла і шчыра было, па-прыгодніцку. У Бэрліне так трэба, патрэбныя не гатэлі зь мяккімі матрацамі і белымі прасьцінамі, а кэмп на Александэрпляц, калі, а трэцяй ночы там ходзяць людзі, шумяць і перашкаджаюць спаць. Такое жыцьцё сапраўднае, без купюраў, — расказвае суразмоўца.

— Вельмі кампанейскі чалавек. Адкрыты, вясёлы, заўсёды анэкдоты, жартачкі, аповеды. Вельмі адукаваны. У Бэрліне часта хадзіў у музэі, асабліва любіў выставу старажытнагрэцкага мастацтва. Вельмі любіў Бэрлін, пагуляць па Александэрпляцы, паздымаць на тэлефон, — расказвае пра сябра Мікіта.

Васіліна адзначае, што бацька любіў людзей, мог пасябраваць з кімсьці, нават ня ведаючы ягонай мовы. Ён езьдзіў на ровары, любіў прыгоды і бездарожнікі.

— Ён любіў пабадзяцца па лесе. У мяне ад яго такая любоў — вырвацца ў поле, кудысьці ехаць, дзесьці па балоце. Ён любіў прыроду, бачыў кінакадры паўсюль, — расказвае дачка.

Васіліна думае, што тата не хацеў бы, каб яна пасьля ягонай сьмерці правальвалася ў гора.

— Мой тата ніколі ў жыцьці не прызнаецца, што яму блага. Ён заўсёды з усьмешкай. Усё нармальна! У яго быў шалёны пазытыў. Калі я турбавалася, скардзілася, ён заўсёды казаў: «Эй, дзяўчо, усё будзе клэс!» Ён, напэўна, зараз бы мне сказаў: «Эй, дзяўчо, ну што ты!», — кажа Васіліна.

Васіліна прызнаецца, што цяпер яны з мужам чакаюць нараджэньня дзіцяці.

— Ён так моцна радаваўся за нас зь Лёшам, так радаваўся, што стане дзядулем. Мы яшчэ жартавалі, што ў нас будзе дзед Дзёня. Ён быў бы клясным дзедам. Мне так шкада, што ён ня ўбачыць сваю ўнучку. Я спадзяюся, што дзесьці там ён убачыць. Я бы хацела яму сказаць: «Я так цябе, татачка, люблю!» Я думаю, ён бы хацеў, каб нам тут было клясна, — кажа Васіліна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)