У гэтай рэпрэсіўнай сыстэме тысячы мэханізмаў і шрубак — тысячы задзейнічаных людзей, якія служаць, выконваюць загады, пільнуюць, аддаюць радзіме доўг, бароняць мяжу (праз якую ніхто не праскочыць, ніхто не прапаўзе!
Вольскі: Дзе ж яны падзенуцца — гэтыя тысячы і тысячы людзей з рэпрэсіўнай сыстэмы?
Пра багаты й разнастайны сьвет беларускіх сілавых структураў, разважае Лявон Вольскі на Budzma.org.
Міліцыя, АМАП, САХР, МНС, КДБ, ГУБАЗіК (адзіная абрэвіятура, якая па-беларуску гучыць лепей, чым у арыгінальным варыянце), колькі іх яшчэ — размаітых і разгалінаваных аддзелаў па барацьбе, камітэтаў, ваенізаваных у рознай ступені арганізацыяў, якія заўсёды мусяць стаяць на варце дзейснага ладу ў РБ?
Хіба што мігранты з Азіі ды Афрыкі гераічна выходзяць на ўсьмірэньне ўзбунтаванага натоўпу, сочаць за парадкам у элітных падразьдзяленьнях... Імя ім — легіён.
І кожны з чальцоў гэтага легіёну абблытаны льготнымі крэдытамі, удзелам у злачынствах, паддывановымі гульнямі (кагосьці трэба адмазаць за кругленькую суму, дзеля гэтага трэба зьвязацца з Іванам Міронавічам і, у выпадку станоўчага вырашэньня справы, падзяліцца ладнай часткай «ганарару»), а калі ты захочаш звольніцца, не адслужыўшы пэўны неабходны тэрмін, дык — калі ласка! — заплаці «адступнога» — грошы, якія дзяржава выдаткавала на тваю бездакорную юрыдычную адукацыю. І гэта будзе зусім не маленькая сума!
І вось — яны штогод выпускаюцца са сваіх вучэльняў, акадэміяў і іншых спэцыяльных навучальных установаў. Едуць з правінцыі ў сталіцу — заваёўваць, рабіць кар’еру, асвойваць бюджэт, угрызацца, замацоўвацца... Іхная колькасьць расьце і расьце, і ніхто не застаецца бяз працы, усе ўладкаваныя — у аддзелах, камітэтах, міністэрствах і выканкамах.
Ніхто зь іх ня думае пра далёкую будучыню. Даслужыць да пэнсіі, пачаць бізнэс — як усе калегі. Безумоўна, яны наўпрост зацікаўленыя ў тым, каб парадак рэчаў захоўваўся як мага далей. А лепей — вечна.
Неяк мая жонка згубіла мабільны тэлефон. У самым цэнтры беларускае сталіцы. Недзе паміж кінатэатрам «Цэнтральным» і паштамтам. Выходзілі з кнігарні каля «Цэнтральнага», ён яшчэ быў, прыйшлі на паштамт, глядзім — няма. Выклікалі міліцыю.
Адразу зьявіліся два амапаўцы. Суворыя, нешматслоўныя — усё як мае быць. Было такое ўражаньне, што іх сюды паслалі, каб мы раптам не ўцяклі.
Праз паўгадзіны прыехала цэлая брыгада — нейкі малады начальнік са сьледчага камітэту (яго ўсе слухаліся), цёця-капітан з РУУС, экспэрт-крыміналіст (ён працаваў у спайцы з дзядзькам са сьледчага камітэту) і два юныя стажоры (можа, з акадэміі міліцыі?). Амапаўцы пайшлі сабе працягваць несьці службу, астатнія пяцёра заняліся расьсьледаваньнем.
Вы ж ведаеце, гэта цэнтр гораду, паўсюль, на кожным слупе — камэры. Я нават думаю, што дрэвы ў цэнтры калісьці зялёнае беларускае сталіцы павысякалі, каб іхняя пышная лістота не перашкаджала працы гэтых камэраў.
Дык вось. Працэс расьсьледаваньня заняў увесь дзень. Здымалі паказаньні камэраў у кнігарні («Якія тут добрыя камэры, нам бы такія», — пазайздросьціў начальнік са сьледчага камітэту), потым — з вулічных («Так сталася, што на вуліцы вы патрапілі ў мёртвую зону, па-за камэрамі»), потым — з камэраў на паштамце.
Вынік — выйшлі з кнігарні з тэлефонам (ён яшчэ вытыркаўся зь кішэні, гэта было відаць на запісе), а ўжо на паштамце ён зьнік («Как-будта яму ногі прыдзелалі», — выдала фантастычную вэрсію цёця-капітан). І ўсё.
— Зараз паедзем на Веласіпедны завулак складаць пратакол, — сказала капітан.
«Ажно ў Серабранку! — запанікаваў я. — Не, толькі ня гэта!».
Нібыта пачуўшы мае думкі, малады начальнік з камітэту распарадзіўся:
— Ды не, навошта так далёка ехаць, яны (то бок, мы) тут блізка жывуць, зойдзем да іх, там і складзем паперы.
У той адносна бесклапотны час мы здымалі кватэру на Інтэрнацыянальнай. Працэс складаньня пратаколу заняў з гадзінку, мы гасьцінна прапанавалі гасьцям гарбату і пакутліва чакалі, пакуль гэты марудны бессэнсоўны працэс завершыцца. Урэшце апошні подпіс быў пастаўлены, мы разьвіталіся і з палёгкай уздыхнулі.
Але ўздыхаць было зарана. Недзе празь месяц нас выклікалі ў РАУС насупраць мастацкага музэю (так, там ён ёсьць, калі хто ня ведаў), і ў гэтай установе артыстычны афіцэр («Я б з вамі сфоткаўся, але начальства не зразумее») пару гадзінак захапляўся тым, што на яго скіраваная ўвага вядомых асобаў (то бок, нас) і распавядаў розныя рэчы, у тым ліку, пра тое, што лепей нам адмовіцца ад заявы на пошук тэлефону, бо «а раптам яго знайшла нямоглая бабуля-пэнсіянэрка, а калі вы не адмовіцеся ад заявы, дык яна аўтаматычна падпадае пад крымінальную адказнасьць. Вы ж ня хочаце, каб яе пасадзілі?». Мы падпісалі адмову, і на гэтым усё скончылася.
Вынік — страчаныя паўтара дні і бясконца адмоўныя ўражаньні ад зносінаў са службовымі асобамі (я пазьней напішу пра спробу зайграць вулічны канцэрт на Дзень Волі на Рэвалюцыйнай і яшчэ адзін, горшы досьвед зносінаў зь імі). Лішне казаць, тэлефон не знайшлі (дый, хутчэй за ўсё, і не шукалі).
Урэшце лад у Беларусі зьменіцца. Усё стане на цывілізаваныя рэйкі, і такая страшная колькасьць розных «ахоўнікаў парадку» будзе без дайпатрэбы.
Дзе ж яны падзенуцца — гэтыя тысячы і тысячы людзей, прызвычаеныя выбіваць паказаньні, схіляць да супрацы, фальсыфікаваць, даваць хлусьлівыя паказаньні, правяраць зьмесьціва мабільнага тэлефону, шукаць камэнты-лайкі, пісаць горы бессэнсоўных папераў?
Пойдуць ствараць злачынныя арганізацыі — рэкет, вымагальніцтва, «крышаваніе» — як у 90-я? Ці то пераладуюцца, пройдуць праз пакаяньне, знойдуць сабе мейсца ў новай рэчаіснасьці?
Памятаеце, былі ГДРаўскія Stasi ці то Securitate ў Румыніі? Магутныя і страшныя, іх усе баяліся. Там таксама былі задзейнічаныя шмат тысячаў чалавек.
Кожны быў на сваім мейсцы — як шрубка, неабходная для працы мэханізму. І дзе яны цяпер? На старонках Вікіпэдыі, у змрочных гістарычных фільмах, у невясёлых кнігах пра краіны Варшаўскае дамовы...
На сьметніку гісторыі.
Читайте еще
Избранное