Женщины

Марына Міхайлава

«Валькірыя рэвалюцыі», «вораг народа» і першая ледзі БССР

«Салідарнасць» распавядае, які след у гісторыі пакінула мінчанка Зося Шамардзіна.

Соф’я Шамардзіна — гераіня складаная. Для сучасных беларускіх ідэолагаў то дакладна персона нон грата. Яшчэ б: партыйная дзяячка і пры тым феміністка, жонка наркама БССР, потым «вораг народа», каханка паэта Маякоўскага. На такім прыкладзе «традыцыйныя каштоўнасці» не выхаваць.

Аднак з гісторыі падзей не выкінеш, нават калі камусьці хацелася б. А лёс Шамардзінай — частка нашай агульнай беларускай гісторыі. І трэба сказаць, цікавая частка.

Фота: muzeimayakovskogo.ru

Соф’я з’явілася на свет у сям’і былога вайскоўца ў Нясвіжу ў 1894 годзе, але неўзабаве сям’я пераехала ў Мінск. Тут яна скончыла жаночую гімназію, атрымала дыплом з адзнакай і вырашыла ехаць у Пецярбург на Бястужаўскія курсы.

Бацькі папрасілі дапамагчы засвоіцца і прыгледзець за ёй знаёмага сям’і — а ім праз збег абставінаў аказаўся крытык і пісьменнік Карней Чукоўскі, які нярэдка гасцяваў у Мінску ў свайго сябра-хірурга Якава Шабада.

Чукоўскі і ўвёў Соф’ю ў кола літаратараў, многім з якіх 18-гадовая мінчанка ўскружыла галовы. Яркая, разняволеная і ўпэўненая ў сабе — ці былі ў паэтаў шансы не заўважыць такую правінцыйную гімназістку?

Муза для Маякоўскага

Бурлівы і палкі раман здарыўся ў Соф’і з Уладзімірам Маякоўскім — яны пазнаёміліся восенню 1913-га на лекцыі, якую чытаў у Медінстытуце Чукоўскі.

Як лічаць біёграфы паэта, для яго гэта было першае сапраўднае каханне — таму акурат беларуска, якую ён называў Сонкай, стала галоўным правобразам гераіні паэмы «Воблака ў штанах». А для яе? Яна называла Маякоўскага «сваім» паэтам, захаплялася ім як мужчынам — «высокі, моцны, упэўнены, прыгожы».

«Мне ўжо ніхто быў не цікавы, ніхто не патрэбны. Мы пілі ўдваіх нейкае віно, Маякоўскі чытаў мне вершы», — згадвала яна праз шмат год у мемуарах сумеснае застолле літаратараў у кабарэ.

У той першы вечар яна спалохалася «агрэсіўных» паводзін, нават саскочыла з пралёткі і гатовая была бегчы ў цемру. Але вярнулася, каб ехаць у госці да паэта Хлебнікава, развітацца — і зноў сустрэцца вечарам.

З таго дня дзяўчына амаль закінула вучобу, «для ачысткі сумлення здала два залікі, латынь і французскую». Затое багемнае жыццё закруціла: яна ведае ў Пецярбургу ўсю паэтычную суполку, і ўсе ведаюць яе, яна бывае на модных вернісажах, ёй прысвячаюць вершы. І калі футурысты едуць у Крым, без роздумаў выпраўляецца ў вандроўку разам з імі, нават выступае на сцэне як «Эсклармонда Арлеанская, першая ў свеце актрыса-футурыстка».

Праўда, здараецца ў жыцці і чорная пляма — яна зацяжарыла ад Маякоўскага, а па горадзе папаўзлі непрыемныя плёткі, быццам ён разбэсціў і заразіў дзяўчыну. Як пісала ў сваім артыкуле даследчыца літаратуры, распусціў іх Карней Чукоўскі, таемна закаханы ў сваю падапечную. Сама Зося Шамардзіна апісвала гэта так: «Маё сяброўства з Маякоўскім прыняла характар не зусім прымальны для агульнапрынятай маралі».

Так ці інакш, дзіцяці яна пазбавілася (бо обялася «мець хворага ўрода»). Дый цэтліку «каханка Маякоўскага» таксама, цяпер і сам паэт прадстаўляе яе «сястрой», і яе пачуцці сышлі. Аднак яны здолелі застацца сябрамі, і апошнюю ягоную прыжыццёвую выставу ў 1928-м дапамагала рабіць менавіта Зося, Сонка — а ніхто з паэтаў і партыйнага кіраўніцтва не прыйшоў…

Ад сястры міласэрнасці да партыйнай дзяячкі

Кароткі раман з паэтам Ігарам Севяраніным. Для яго, падаецца, гэта было ўсур’ёз, ён прысвячаў ёй вершы і паэмы, для яе — хутчэй спосаб перавесці дух пасля папярэдніх адносін, ягоную нясмелую закаханасць дзяўчына прымала як належнае.

«Прыемна было забегчы да Севяраніна, паслухаць нехвалюючыя вершы, выпіць чаю з лімонам і каньяком, пагутарыць пра паэтаў», — успамінала яна.

Прадметам суперніцтва Маякоўскага і Севяраніна ёй быць пэўна падабалася, але ад сумных вачэй і пакут апошняга «рабілася млосна».

На пачатку Першай сусветнай вайны Соф’я канчаткова кінула вучобу на курсах і пайшла на фронт сястрой міласэрнасці. На пачатку 1917-га яна нарадзіла сына, нікому не сказаўшы, хто бацька — але матчынае шчасце было нядоўгім, бо хлопчык не пражыў і года…

Яна зноў вярнулася ў Мінск, дзе раптоўна спатрэбіліся крыху праслуханыя на курсах юрыдычныя дысцыпліны — Соф’я ўладкавалася ва ўпраўленне гарадской міліцыі. Але надоўга не затрымалася, з’ехала на працу ў Цюмень, потым у Табольск, Краснаярск.

У гэты перыяд, падчас Грамадзянскай вайны, яна ўступіла ў партыю — і, што характэрна, хоць бацька яе паходзіў з сібірскіх татар, у партыйнай анкеце Шамардзіна пазначыла сябе як беларуска.

У 1920-я па партыйнай лініі яе зноў перавялі ў Мінск — на пасады ў Наркамасветы, Наркамаце юстыцыі, аддзеле па рабоце сярод жанчын пры ЦК КП(б)Б.

Соф’я з імпэтам уключылася ў жаночы і партыйны рух, у выхаваўчую працу сярод работніц, выступала з лекцыямі аб «вызваленні супраць прыгнёту мужчын». Неўзабаве была выбраная дэпутаткай Мінскага гарсавета, а потым удзельнічай Усебеларускага з’езду саветаў ад Магілёўшчыны.

Важныя справы патрабуюць сур’ёзнага падыходу і больш ведаў — і яна паступіла на завочнае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Першая ледзі і феміністка

На адным з партыйных мерапрыемстваў яна пазнаёмілася з Язэпам Адамовічам, наркамам вайсковых і ўнутраных спраў БССР — і вельмі хутка іх стасункі перайшлі ў сумеснае жыццё, хоць грамадзянскага шлюбу, па нормах таго часу, заключаць яны не сталі. У адзін цудоўны дзень Адамовіч проста даслаў транспарт, каб перавезці каханую з рэчамі да сябе.

«Розніца культурна-адукацыйным узроўні не перашкаджала нам, хутчэй, гэтая акалічнасць збліжала нас. Я рада была памагчы ў яго самаадукацыі, ён заўсёды падстаўляў сваё моцнае плячо і падаваў руку ў вырашэнні арганізацыйных і палітычных пытанняў у маёй рабоце — і ў пракуратуры, і ў Наркамасвеце», — пісала Соф’я Шамардзіна пазней у мемуарах.

У 1924 годзе Адамовіча прызначаюць старшынём Саўнаркаму БССР, і Соф’я фактычна становіцца першай ледзі рэспублікі, а таксама найлепшай сяброўкай і дарадчыцай мужа. Надзіва, той зусім не раўнуе да Маякоўскага, які падчас паэтычных выступаў у Мінску прыходзіць да іх у госці — наадварот, дапамагае паэту сувязямі.

Соф’я ж, якую былы каханак аднойчы груба раскрытыкаваў за ўбор у стылі «Крупская», маўляў, прыадзець бы цябе — дасціпна парыравала: «Дзіўна: раней ты хацеў раздзець мяне, а цяпер хочаш адзець». Не дзіва, што яе — надзвычай смелую, упэўненую, яркую — гісторык Аляксандр Гужалоўскі ў сваёй кнізе «Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919-1929 гг.)» назваў не інакш, як «валькірыяй» і сімвалам фемінізму.

Яшчэ адзін цікавы штрых з гэтага перыяду — як і Адамовіч, Шамардзіна была заўзятай прыхільніцай беларусізацыі. І калі адзін з цэнзараў забараніў паказ купалаўскіх «Тутэйшых» у тэатры — адмяніла гэтае рашэнне.

Прайшла праз лагеры. І засталася сабой

Разам з мужам Соф’я пераехала ў Маскву (ён працаваў у савеце народнай гаспадаркі, яна — у прафсаюзе дзеячаў мастацтва), потым у Варашылаў, Петрапаўлаўск-Камчацкі. Аднак жорны рэпрэсій іх не мінулі. У красавіку 1937-га, пасля абвінавачанняў у сувязі з трацкістамі, Язэп Адамовіч застрэліўся проста ў вагоне цягніка.

У перадсмяротнай запісцы ён прасіў Соф’ю «працаваць на карысць партыі», але гэта яе не ўратавала. Неўзабаве яе арыштуюць і за «контррэвалюцыйную дзейнасць» прысудзяць да 10 год лагераў у Архангельскай вобласці. А ўсяго праз два гады пасля вызвалення — новы арышт, новы суд і высылка на «спецпасяленне» ў Краснаярскі край.

Толькі ў 1955-м Вярхоўны суд перагледзеў абодва рашэнні і спыніў справы за адсутнасцю складу злачынства.

Яшчэ адна важная дэталь, якую знайшлі даследчыкі літаратуры. У 1964 годзе Шамардзіна напісала ліст акадэміку Пятру Глебку. І просіць дапамагчы ўсталяваць мемарыяльныя дошкі беларускіх нацыянал-бальшавікоў, загінулых падчас рэпрэсій: Язэпа Адамовіча, Аляксандра Чарвякова, Мікалая Галадзеда.

А за сябе яна прасіць не ўмела. Таму ціха жыла ў пакойчыку камунальнай кватэры, падтрымлівала сяброўскія стасункі з былой каханкай Маякоўскага Ліляй Брык. Уласна, дзякуючы клопату апошняй, яна патрапіла ў пансіянат у падмаскоўным Перадзелкіне. Там і памерла ў 1980 годзе.

Але ж пакінула ўспаміны пра сваіх каханых і сяброў: Маякоўскага, Адамовіча, Купалу ды іншых. І, кажуць, да апошніх дзён заставалася сабой: прыгожай, узнёслай, поўнай годнасці і жаноцкасці.