Филин

Марк Дзюба

«Уявім, што Ватыкан асудзіць дзеянні рэжыма. Якім будзе эфект? Сотні ксяндзоў акажуцца вінаватымі ў здрадзе дзяржаве»

Каталіцкі інтэлектуал і былы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS Пётр Рудкоўскі ў каментары Филину – пра абранне новым Папам Рымскім Робэрта Фрэнсіса Прэваста з ЗША, які ўзяў сабе імя Леў XIV.

Леў XIV

– Што вы ў цэлым думаеце пра асобу новага Папы Рымскага? Які этап для касцёла можа азначаць яго абранне?

– Некаторыя ўжо назвалі яго «Папам міжсвету». Ён не толькі прадстаўнік дзвюх Амерык — Паўночнай і Паўднёвай, і не толькі чалавек французска-італьянска-іспанскага паходжання. Як высветлілі дапытлівыя журналісты, у ягоным радаводзе ёсць таксама крэольскія карані з Новага Арлеана, а па лініі продкаў — субсахарская афрыканская спадчына.

Што яшчэ? Леў XIV мае акадэмічную адукацыю ў галіне матэматыкі. Навыкі сціслага мыслення могуць мець сваё значэнне ў ходзе выпрацоўкі стратэгій дзеяння. Яго апошняя пасада перад абраннем — кіраўнік Дыкастэрыі па справах біскупаў, іншымі словамі, адказны за кадравую палітыку Каталіцкай царквы.

Што да тэмпераменту і стылю кіравання — Леў XIV больш стрыманы за Францішка і адначасова больш «цэнтрысцкі».

Ён абраў імя Льва XIV не выпадкова, а свядома — пасля кансультацый з братамі. Гэта сігналізуе пра жаданне пераемнасці з Львом XIII, знакамітым аўтарам больш чым 50 энцыклік і родапачынальнікам каталіцкага сацыяльнага навучання — сістэматычнай ацэнкі грамадска-палітычных працэсаў праз прызму хрысціянскай традыцыі.

– Як на сёння можна акрэсліць стасункі паміж Ватыканам і рэжымам Лукашэнкі? Якія інтарэсы ў абодвух бакоў?

– У публічна-дыпламатычным вымярэнні — стасункі добрыя. У верасні павінна адкрыцца першае ў гісторыі пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе (працэс запачаткаваны пры Францішку).

Што дзеецца ў закуліссі, у непублічным вымярэнні – можна толькі выбудоўваць здагадкі. Амаль напэўна можна сказаць, што праца ў гэтым вымярэнні вядзецца. Дужа праўдападобна, што яна не выглядае настолькі гладкай і цудоўнай, як у публічным вымярэнні.

На час пантыфіката Францішка прыпадаюць даволі нечаканыя павароты ў дачыненнях Ватыкан-беларускі рэжым: загадкавае зняволенне ксяндза Лазара ў 2013-м, перамовы па палітвязнях, якія ў выніку былі ў 2014-2015-м вызвалены, неўпушчэнне Кандрусевіча ў верасні 2020-га – пасля непублічных перамоў уладыка быў упушчаны, паралізаванне на некалькі гадоў Чырвонага касцёла (выглядае на тое, што ўлады зараз схільны пайсці на некаторыя саступкі), прызначэнне Іньяцыё Чэфальё на новага нунцыя ў Беларусі – асобы, з досведам працы ў аўтарытарнай Венесуэле, прычым прызначэнне адбылося 25 сакавіка.

Урэшце – цягам апошніх 12 гадоў Ватыкан цалкам памяняў асабовы склад дзейнага епіскапату Беларусі, прычым гэты працэс наўрад ці праходзіў у кансэнсусе з беларускім рэжымам.

Пётр Рудкоўскі

Усё гэта – моманты, якія ўскосна сведчаць, што на непублічным узроўні дачыненні тут выглядаюць інакш, чым у публічнай плоскасці.

– Якога ўплыву на стасункі паміж Ватыканам і Мінскам можна чакаць ад асобы Льва XIV?

– У публічнай плоскасці працэс ідзе нібыта ў напрамку паляпшэння і ўзмацнення адносінаў. Практычна пэўным ёсць тое, што з верасня запрацуе беларускае пасольства пры Ватыкане. Беларускае МЗС намякала (гэта было яшчэ пры Францішку) на магчымасць канкардату.

Больш істотна, аднак, тое, што адбываецца ў непублічным вымярэнні, але тут мала што можна сказаць. Мала што можна сказаць і пра імаверныя напрамкі «ўсходнееўрапейскай палітыкі» папы Льва XIV – ранейшая ягоная праца амаль ніяк не была звязана з гэтым напрамкам, таму гэты напрамак, хутчэй за ўсё, знаходзіцца на стадыі фармавання.

– Рэпрэсіі супраць каталіцкага духавенства ў Беларусі працягваюцца. Так, нядаўна ксяндза з Шуміліна Анджэя Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зняволення. Чаму Ватыкан публічна не рэагуе на рэпрэсіі супраць сваіх прадстаўнікоў?

– Давайце падыдзем да гэтага пытання з адваротнага боку. Уявім наступны сцэнарый: Ватыкан выдае публічную заяву, у якой публічна асуджае «бязбожныя» дзеянні беларускага рэжыма, заклікае Захад узмацніць санкцыі, ну і, магчыма, прыпыняе працэс выслання на Беларусь свайго пасла і прыняцця ў сябе беларускага пасла.

Які будзе эфект? Эфект будзе прыблізна такі: ужо ў першыя дні пасля гэтага рэжым сцвярджае, што 50% каталіцкіх парафій няздольны прайсці перарэгістрацыю (падлягаюць ліквідацыі), раптам выяўляецца, што дзясяткі або і сотні ксяндзоў таксама вінаватыя ў «здрадзе дзяржаве» або/і «педафіліі» (атрымліваюць па 15 гадоў турмы, хіба што паспяваюць уцячы за мяжу).

А ў тых ксяндзоў, якія ўжо зняволеныя, знаходзяць яшчэ два-тры злачынствы, у сувязі з чым пакаранне пачынае вар'іравацца паміж пажыццёвым зняволеннем і смяротным пакараннем.

Лідары заходніх краін са здзіўленнем праціраюць вочы, можа быць, пару краін «дзеля прыліку» ўводзяць некалькі сімвалічных санкцый, а можа і не.

Сіла Ватыкана – ні многа ні мала – палягае ў мяккай сіле. Ватыкан валодае агромністай сеткай камунікацыйных каналаў, у выкарыстанні якіх могуць быць часам зацікаўлены аўтакраты.

Але каб магчы гуляць гэтым козырам, Ватыкан мусіць таксама захоўваць каналы камунікацыі з аўтакратамі. Спаліўшы гэтыя каналы, Ватыкан імгненна губляе вагары ўплыву.

– Чаму Францыск не рэагаваў на публічныя звароты наконт палітвязняў у Беларусі? Напрыклад, Святлана Ціханоўская прасіла ад яго «шчырага слова праўды і справядлівасці», а Ігар Лосік прасіў заступіцца за «сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горшым». Чаго чакаць у гэтым пытанні ад Льва XIV?

– Падаецца, што адказ на папярэдняе пытанне прымянябельны і да гэтага.

– Пры выбарах новага Папы Рымскага ў СМІ паўстала пытанне, чаму Беларусь не мае свайго кардынала. Якое вашае меркаванне?

– Кардынала не мае прыблізна 90 іншых краін, дзе пражывае – большая або меншая – каталіцкая супольнасць. Намінаванне кардыналаў абумоўлена некалькімі фактарамі, адзін з якіх –  пазіцыя ўладаў дадзенай краіны (складана сказаць, наколькі ён быў істотны ў выпадку Беларусі) і прыярытэтамі пантыфіка.

У выпадку Францішка складана вызначыць якуюсь заканамернасць у гэтым выпадку, за выключэннем хіба што нетыповасці рашэнняў.

Напрыклад, свайго кардынала займела Манголія – краіна, дзе каталіцкая папуляцыя ўсёй краіны не пераўзыходзіць колькасці адной сярэднестатыстычнай парафіі на Гродзеншчыне.

Затое Кракаўская архідыяцэзія (Польшча), дзе спакон вякоў былі кардыналы, зараз кіруецца звычайным арцыбіскупам (там ёсць толькі кардынал-пенсіянер).

– Францыск калісьці прыняў у Ватыкане Лукашэнку з малодшым сынам. Ці можа ў сённяшняй сітуацыі пайсці на такі крок Леў XIV?

– Можа. Пры якіх умовах і наколькі гэта імаверна – сказаць пакуль што складана.

– Лукашэнка неаднаразова запрашаў Францыска наведаць з візітам Беларусь. Чаму гэтага не адбылося?

– Аналагічна як і ў выпадку з наяўнасцю/адсутнасцю кардынала, у ненаведанні папам той ці іншай краіны няма нічога дзіўнага. Цягам свайго пантыфіката Францішак наведаў 68 краін. Суадносна, краін з каталіцкім насельніцтвам, якія ён не наведаў, большасць. Прычым не наведаў нават сваю родную краіну – Аргентыну.

Ці папа Леў можа наведаць – так, можа. Ці наведае – невядома.