Турарбекава: Жаніхоў зайздросных у дачкі Сі Цзіньпіна хапае — і больш заможных, і больш уплывовых, чым сын Лукашэнкі

Экспертка ў сферы міжнародных стасункаў патлумачыла, чаму ў сучасных дыктатараў не атрымоўваецца перадаць уладу ў спадчыну.

Паездка Лукашэнкі ў Кітай — ці была за кулісамі «сямейнага абеду» спроба адвязкі рэжыму ад Крамля і сепаратныя перамовы з Пекінам? На гэты конт  эфіры Еўрарадыё разважае экспертка ў сферы міжнародных стасункаў, гісторык Роза Турарбекава.

— Каб гэта было магчыма — збегчы ад Пуціна, то ён бы збег, — мяркуе Роза Турарбекава.

Роза Турарбекава

— З аднаго боку, пра што я казала не аднойчы — у сучаснай канцэпцыі знешняй палітыкі Беларусі праглядаецца спроба зрабіць з Кітая другое апірышча для той самай палітыкі. І ў гэтым сэнсе нічога новага і сенсацыйнага ў памкненнях Лукашэнкі і яго сустрэчы з Сі Цзіньпінам няма.

З другога боку, залежнасць Лукашэнкі ад Расіі настолькі шматвектарная і вялікая, што проста сысці не атрымаецца. Хоць яму і хочацца балансаваць паміж Расіяй і Кітаем, што было заўважна яшчэ да 2020 года.

Напрыклад, калі з’явілася ініцыятыва «Адзін пояс — адзін шлях» і беларускія ўлады сталі трымацца таго, што Беларусь — яе частка, такая пярліна. Гэтая тэма была вельмі папулярная ў 2017-2018 годзе.

Потым стала зразумела, што не зусім так. І што першай перашкодай з’яўляецца курс самога Лукашэнкі — так было нават у эпоху больш ці менш збалансаванай знешняй палітыкі. Мы пра гэта пісалі, калі рабілі агляды і аналітыку: як кітайскія эксперты бачаць двухбаковыя стасункі і якія праблемы ў іх узнікаюць.

Беларусы спрабавалі ўпісацца і з іншага боку, у ініцыятыву трохмор’я, але гэта таксама не атрымалася.

То бок, спробы збегчы з-пад уплыву Крамля — тэма не новая. Аднак збегчы не атрымаецца. Іншая справа, што Лукашэнка хоча зрабіць уражанне, быццам гэта магчыма (у тым ліку і ў перамовах з Крамлём) Ды і Кітай у пэўным сэнсе зацікаўлены ў захаванні Беларусі як незалежнай дзяржавы, на мой погляд — але не да такой ступені, каб адкрыта канфліктаваць з Расіяй.

Тут вельмі тонкая гульня і тонкая мяжа, шмат абмежаванняў наогул.

Погляд Кітая на незалежнасць былых савецкіх рэспублік адрозніваецца. Калі гаворка пра цэнтральнаазіяцкія краіны — гэта неабходна, пытанне бяспекі для самога Пекіна, бо там цудоўна разумеюць, што такое насамрэч РФ.

Што да Беларусі, пытанні кітайскай нацбяспекі тут ніяк не задзейнічаны, і сварыцца з Пуціным з-за Беларусі КНР не будзе — хіба параіць, нешта парэкамендуе.

Як адказны член ААН, дадае Роза Турарбекава, Кітай можа выступіць за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. А можа і не выступіць — як у выпадку з Украінай.

— Акурат гэты выпадак, вайна ва Украіне, паказаў, як у пэўных момантах Кітай робіць выгляд, што не бачыць нічога. І калі паставіць пытанне рубам — у выпадку, калі Беларусь будзе далучаная да Расіі, КНР не пойдзе вайной на РФ.

Калі расійскія войскі, карыстаючыся дамовай аб саюзнай бяспецы, увойдуць на тэрыторыю Беларусі — як лічыце, ці будзе пярэчыць Кітай? І наколькі далёка ў сваіх пярэчаннях ён можа зайсці?

Тое, што беларуская прапаганда падкрэслівае нібыта асаблівыя, амаль сямейныя стасункі Лукашэнкі і Сі (у прыватнасці, удзел у сустрэчы правіцеляў іх дзяцей — Колі Лукашэнкі і Сі Мінцзэ), на думку эксперткі, не варта ўспрымаць як рэальныя захады паяднаць сем’і:

— Жаніхоў зайздросных у дачкі Сі, я лічу, хапае — і больш заможных, і больш уплывовых, — смяецца з гэтай тэорыі Роза Турарбекава. — Лічу, гэта проста жэст, які можа спадабацца і стварыць сямейную атмасферу.

Стасункі паміж краінамі не павінны быць роўныя стасункам унутры сям’і. Асабліва паміж сватамі. Узгадаем шлюбм паміж сынам першага прэзідэнта Кыргызстана Акаева і дачкой Назарбаева — скончылася ўсё вельмі сумна, ніхто не памёр, дзякаваць богу — і тое добра. А вось былы старэйшы зяць Назарбаева памёр, яго знайшлі павешаным у турме ў Аўстрыі…

Мая шчырая парада ўсім тым, хто ўяўляе сябе манархамі: не рабіць гэтага, не падмацоўваць палітычныя сувязі роднаснымі. У манархаў гэта выхоўвалася пакаленнямі, дый тое не заўжды добра сканчалася.

А ў нуворышаў дзеці гадуюццца ў зусім іншых традыцыях, і ўцягненне іх у палітыку можа толькі абцяжарваць міждзяржаўныя стасункі.

Наогул, тэрмін праўлення дыктатара мусіць скончыцца ягоным жыццёвым тэрмінам. Дзеці ж дыктатара, за рэдкім выключэннем, заканчваюць ва ўладзе дрэнна. Спроба стварыць дынастыі на былой постсавецкай прасторы — вельмі дрэнная практыка, і так дзяржавы не ўмацоўваюцца. Гэта не пра панты, зусім пра іншае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(5)