Працавала з КДБ празь іншага беларуса і ўжо служыла ў Мінабароны Ўкраіны
Радыё Свабода даведалася аб некаторых новых дэталях з матэрыялаў справы беларускі Іны Кардаш ва Ўкраіне.
На момант затрыманьня Іна Кардаш працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Затрымлівалі як вайсковую
Як паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца ў праваахоўных органах, Іну Кардаш затрымалі 21 студзеня. Папярэдне рашэньнем суду яе арыштавалі да 20 сакавіка ўключна.
Калі да гэтага моманту дасудовае расьсьледаваньне не завершаць, то суд кожныя два месяцы павінен працягваць яе ўтрыманьне пад вартай. Аналягічнае рашэньне патрэбнае на час судовага разгляду справы.
У матэрыялах справы адзначаецца, што Іна Кардаш мае вышэйшую адукацыю і жыла ў зарэгістраваным шлюбе. На момант арышту яна была вайсковай у званьні салдата (ва Ўкраіне пасьля вайсковай рэформы «салдат» зьяўляецца адным з званьняў у шараговым складзе. — РС).
Як высьветлілася, у лістападзе 2025 году Іну Кардаш узялі на працу ў Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Справу супраць яе завялі яшчэ летась
Справу супраць Іны Кардаш завялі 16 ліпеня 2025 году. Да таго моманту сьледчыя ўжо ажыцьцяўлялі за ёй негалоснае назіраньне, а падазрэньне ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі ўручылі толькі ў дзень затрыманьня — сёлета 21 студзеня.
На судзе, калі разглядалася хадайніцтва пракурора аб арышце, затрыманая і яе адвакат заявілі аб неабгрунтаванасьці падазрэньняў і адсутнасьці рызыкаў, што яна будзе хавацца ад сьледзтва або іншым шляхам перашкаджаць сьледзтву. Але суд падтрымаў пазыцыю абвінавачаньня.
Справу Іны Кардаш расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.
Апошнія інструкцыі з КДБ атрымлівала ў Вугоршчыне
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, Іна Кардаш супрацоўнічала з КДБ з 2019 году. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што свае кантакты з КДБ яна ажыцьцяўляла праз грамадзяніна Беларусі, які «сьвядома для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
Гэты беларус, зь якім яна размаўляла не пазьней за 6 верасьня 2025 году, прапанаваў ёй выехаць у Будапэшт (Вугоршчына), каб там атрымаць неабходныя інструкцыі.
У вугорскую сталіцу яна прыехала 16 верасьня, набыла там новы мабільны тэлефон і нібыта ўсталявала «прыкладаньне для зашыфраваных канфідэнцыйных размоў». Потым патэлефанавала беларусу, а той падлучыў да іх размовы супрацоўніка КДБ Беларусі. У часе гэтай сустрэчы Кардаш нібыта атрымала заданьне ўладкавацца на працу ў Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.
Якую інфармацыю перадавала ў КДБ
Як вынікае з матэрыялаў справы, на працу ў штаб яе ўзялі ўжо ў лістападзе. У дакумэнтах адзначаецца, што сама меней з 21 лістапада да 19 сьнежня яна «сыстэмна зьбірала службовую інфармацыю» — фатаграфавала дакумэнты і запісвала размовы іншых супрацоўнікаў штабу, запісы якіх потым перадавала ў Беларусь.
У СБУ, калі паведамілі аб затрыманьні Іны Кардаш, сьцьвярджалі, што ёй наўмысна падкідвалі інфармацыю з грыфам «Таемна», якая насамрэч была выгаданай і ня мела статусу сакрэтнай.
Читайте еще
Избранное