Польшча рэзка скараціла выдачу гуманітарных візаў беларусам і зьмяніла прынцыпы іх выдачы
Беларусам стала складаней атрымаць гуманітарную візу ў Польшчы. Іх масавай выдачы, як раней, больш ня будзе, паведамляе Rzeczpospolita (пераклад Радыё Свабода).
Міністэрства замежных спраў Польшчы зьмяніла прынцыпы выдачы гуманітарных візаў беларусаў. Падставай для выдачы такой візы павінны быць «рэальныя сытуацыі», непасрэдна зьвязаныя з пагрозай жыцьцю або здароўю заяўніка і яго бліжэйшых сваякоў або небясьпека прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за дзеяньні, накіраваныя супраць беларускіх уладаў (у тым ліку ўдзел у акцыях пратэсту, апазыцыйную дзейнасьць)».
Паводле МЗС Польшчы, цяпер гуманітарная візы выдаюць аднаразова і «як аднаразовыя нацыянальныя візы з мэтай забесьпячэньня магчымасьці бясьпечнага выезду з краіны паходжаньня».
Калі грамадзянін Беларусі падае заяву на атрыманьне візы зь іншай краіны, чым Рэспубліка Беларусь, яго заява патрабуе «дадатковага абгрунтаваньня». Іншаземец можа падаць заяву на атрыманьне гуманітарнай візы толькі адзін раз. Паўторны запыт магчымы ў «выключных сытуацыях», якія перашкаджалі перамяшчэньню ў Польшчу на працягу тэрміну дзеяньня выдадзенай візы.
У МЗС тлумачаць, што гэта «працэс узмацненьня жорсткасьці сыстэмы выдачы візаў», які быў выкліканы «занадта мяккім падыходам да іх атрыманьня з боку грамадзян Беларусі, якія выкарыстоўвалі гуманітарныя візы ў іншых мэтах, у асноўным для паездак па Шэнгенскай зоне і перамяшчэньня паміж Беларусьсю і Польшчай».
Выданьне адзначае, што за апошнія 4 гады гуманітарныя візы ў Польшчы атрымалі больш за 53 500 грамадзян Беларусі. Паводле выданьня, у 2020 годзе гуманітарныя візы атрымалі 3356 беларусаў, годам пазьней — 19 411, у 2022 годзе — 24 362 і ў 2023 годзе — 6277. У мінулым 2024 годзе іх колькасьць скарацілася да паўтысячы. Цяпер у Польшчы на законных падставах пражываюць каля 150 000 беларусаў.
Першапачаткова праграма выдачы гуманітарных візаў была прынятая ўрадам Польшчы ў адказ на рэпрэсіі рэжыму Лукашэнка супраць пратэстоўцаў, якія выступалі супраць фальсыфікаваных вынікаў выбараў 2020 году. Тады на атрыманьне польскай гуманітарнай візы маглі прэтэндаваць беларусы, якія зазналі рэпрэсіі ці «знаходзіліся пад пагрозай рэпрэсіяў», сталі ахвярамі перасьледу або гвалту, а таксама члены іх сем’яў. Заяўнікі на атрыманьне візы падавалі мінімальную колькасьць дакумэнтаў, а заявы апрацоўвалі ў вельмі сьціслыя тэрміны. Візы таксама былі бясплатнымі.
У той жа час Польшча запусьціла праграму Poland Busines Harbour для рэлякацыі IT-спэцыялістаў — яе прыпынілі летась. Гэтыя візы, паводле выданьня, атрымалі «амаль 100 тысяч чалавек».
Новае кіраўніцтва МЗС Польшчы ў 2024 годзе правяло праверку ўсіх візавых працэдур і «выявіла злоўжываньні пры выдачы працоўных, студэнцкіх, візаў Poland Busines Harbour і гуманітарных візаў грамадзянам Беларусі», піша выданьне. Зь мінулага году колькасьць выдадзеных польскіх візаў усіх катэгорыяў рэзка скарацілася.
Яшчэ адной прычынай скарачэньня выдачы гуманітарных візаў беларусам стала тое, што, паводле польскіх спэцслужбаў, рэжым Лукашэнкі таксама выкарыстоўвае сыстэму гуманітарных візаў «для ўкараненьня сваіх агентаў у Польшчы і Эўропе». Менавіта дзякуючы гуманітарнай візе ў Польшчу трапіла беларуска Дарʼя А., некалькі месяцаў таму асуджаная за шпіянаж на карысьць КДБ Беларусі, якая ўкаранілася ў беларускую апазыцыю ў Польшчы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное