Полк Каліноўскага адзначае трохгоддзе з дня заснавання
9 сакавіка 2022 года з беларускіх добраахвотнікаў быў сфармаваны батальён імя Кастуся Каліноўскага. ⠀
У траўні 2022 года батальён быў перафарматаваны ў полк. З таго часу падраздзяленне прайшло праз самыя гарачыя кропкі вайны.
«Дзясяткі ваяроў Палка аддалі свае жыцці. Дзясяткі былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, — нагадвае прэс-служба Палка. — Барацьба працягваецца!»
Святлана Ціханоўская — да дня заснавання Палка Каліноўскага:
— Полк Каліноўскага — з’ява, якая дагэтуль бачыцца мне чымсьці беспрэцэдэнтным у сучаснай беларускай гісторыі. Так, у нас ёсць шмат выбітных асобаў мінулых стагоддзяў, але беларускія добраахвотнікі паказалі: сёння ў Беларусі ёсць сучасныя героі.
З першых дзён поўнамаштабнай вайны беларусы далучыліся да абароны Украіны. Яны абралі не жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю». Бо гэтая вайна не чужая – вораг у нашых краінаў адзін і той жа. У ўкраінцаў намагаюцца адабраць тое, без чаго баімся застацца і мы — без права на сваю мову, гісторыю і культуру. Без права на свае землі і самавызначэнне.
За гэты час мы бачылі, як беларусы ваююць на франтах Украіны, ратуюць людзей з-пад абстрэлаў. Але адважныя, мужныя беларусы цяпер не толькі на полі бою. Людзі сталі героямі, бо ўзяліся дапамагаць зброяй, медыцынай, інфармацыяй, грашыма, ахвяруючы сваім часам, сродкамі і нават бяспекай.
Беларусы працуюць у гуманітарных місіях, дапамагаюць бежанцам, перадаюць медыкаменты і пераганяюць машыны. Кожны з іх — прыклад таго, што мы не проста марым пра свабоду, але робім унёсак, каб дамагчыся яе як мага хутчэй.
Беларусы там, дзе трэба быць. Мы не заўсёды ведаем іх у твар. Можам не знаць імёнаў. Але ад таго, што іх прозвішчы не крычаць з загалоўкаў, яны не перастаюць быць героямі.
Мы памятаем тых, хто загінуў, і шануем іх адданасць і смеласць. Мы памятаем Міхаіла Жызнеўскага, «Брэста» і Машу Зайцаву. Памятаем «Тура» і тых, пра каго напісана толькі «Імя не раскрываюць»…
Читайте еще
Избранное