Пашкевіч: Бабарыку з Калеснікавай давядзецца адыходзіць ад пазіцыі «не ўсё так адназначна»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч — пра ўражанні ад прэс-канферэнцыі вызваленых палітзняволеных.

— У мяне адказы на пэўныя пытанні на прэс-канферэнцыі выклікалі адчуванне такога палітычнага анахранізму, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Пяць гадоў таму абцякальнасць у адказах на пытанні, датычныя вайны і міру, мела палітычны сэнс, бо для гэтага была шматмільённая ўдзячная аўдыторыя.

І не толькі ў Беларусі, дарэчы — прыгадаем, што нават ва Украіне ў 2019 годзе феерычна паспяховая кампанія Уладзіміра Зяленскага была пабудаваная акурат на ўхіленні і яго самога, і ягонай каманды ад прамых адказаў на многія нязручныя пытанні.

Тым самым шляхам ішлі ў 2020 годзе і ў Беларусі, калі там узышлі зоркі Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай. Такія тады былі часы. Тады гэта было ў прынцыпе да месца і на практыцы толькі спрыяла мабілізацыі мас.

Але прайшло ўжо 5 гадоў, ды якіх гадоў! За гэты час адбылося шмат пераломных падзей, і само жыццё паставіла многія раней эластычныя пытанні абсалютным рубам.

І гэтае шматслоўнае заплятанне абстрактнага гуманізму на тэму вайны ва Украіне, што мы бачылі падчас прэс-канферэнцыі, выглядае ў канцы 2025 года чымсьці зусім іншапланетным, асабліва калі прамаўляецца ва Украіне і ў значнай ступені таксама на ўкраінскую аўдыторыю.

Аднак ладна ўкраінцы. Важна, што і сярод беларусаў такая пазіцыя сёння не знойдзе ўдзячнага спажыўца. Дакладней, яна можа і магла б знайсці водгук унутры Беларусі, дзе значная частка людзей менавіта праз такія настроі знаходзіць баланс паміж уласным прыроджаным пацыфізмам і штодзённым уздзеяннем расійскай прапаганды.

І гэта насамрэч не самы горшы варыянт з тых, якія ёсць. Але ж магчымасці працаваць у Беларусі сярод гэтых людзей у палітыкаў-эмігрантаў сёння няма і ў агляднай перспектыве не будзе.

На эміграцыі ж палітызаваная публіка як па пытанні палітвязняў, так і па пытанні стаўлення да вайны (прынамсі, разумення хто агрэсар, а хто ахвяра) трымаецца кансэнсусу. Да якога, дарэчы, штурхаюць у тым ліку і ўлады многіх еўрапейскіх краін, у міграцыйных анкетах якіх ёсць адпаведныя пытанні, што прадугледжваюць зусім не расплывіста-філасофскія, а абсалютна адназначныя адказы на іх.

Таму хоцькі-няхоцькі, але і Бабарыку з Калеснікавай давядзецца пасля ўнікання ў рэальную сітуацыю ўзору канца 2025 года адыходзіць ад пазіцыі «не ўсё так адназначна».

Прынамсі ў тым выпадку, калі яны хочуць займаць нейкія пазіцыі ў беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Цяпер у іх, як і любых іншых былых палітвязняў, выкінутых з інфармацыйнай ізаляцыі адразу ў шырокі свет, на нейкі час ёсць маральная індульгенцыя за любыя сказаныя словы. Хіба толькі асадачак ад іх які застанецца, што не смяротна.

Але такі адаптацыйны перыяд працягваецца не вельмі доўга. Пасля яго ж ужо з'яўляецца рэальная небяспека марнага растрачвання здабытага высокай цаной маральнага капіталу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)