Новае расследаванне «Нашай Нівы»: муж журналісткі Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця ў лютым 2018 года
Такі ж дакумент у артрымаў супрацоўнік 9-га ўпраўлення ГРУ — «самага закрытага падраздзялення Беларусі».
«Наша Ніва» апублікавала працяг гісторыі пра пашпарт прыкрыцця, атрыманы мужам журналісткі Вольгі Сямашка Фёдара Гарбачова.
Па інфармацыі выдання, журналістка, якая адмаўляла наяўнасць у мужа такога дакумента, у прыватных размовах з сябрамі і калегамі ўсё ж прызнавала існаванне другога пашпарта.
Пры гэтым яна нібыта сфармулявала новую легенду: што пашпарт мог аформіць нейкі сваяк, які працаваў у МУС, каб атрымаць па ім крэдыт. Пры гэтым той сваяк, сцвярджала яна, памёр у 2019 годзе.
«Наша Ніва» запытала ў Сямашкі імя і прозвішча таго сваяка. «Без каментароў», — адказала яна.
Дзякуючы падказцы аднаго з чытачоў-афіцэраў, «НН» удалося выйсці на цікавы след у працяг першага матэрыялу. Грунтуючыся на ўласным вопыце, а таксама разуменні сістэмы, афіцэр у адстаўцы выказаў меркаванне, што ў Беларусі рэдка выдаюцца пашпарты прыкрыцця для агентаў-адзіночак.
Маўляў, адзін чалавек мала што можа, і звычайна дакументы прыкрыцця даюць адразу некалькім членам канкрэтнай аператыўнай групы або вайскоўцам канкрэтнага падраздзялення, якія працуюць над пэўнай задачай.
Выданне яшчэ раз падкрэслівае, што пашпарты прыкрыцця не выдаюцца проста так, пра запас. Яны патрэбныя для нейкай задачы, а пасля яе вырашэння пашпарты адбіраюць у агентаў, далучаюць да матэрыялаў справы і здаюць разам з ёй у архіў.
«НН» папрасіла «Белпол» паведаміць нам канкрэтную дачу выдачы пашпарта прыкрыцця Фёдара Гарбачова. Дакумент быў выдадзены 13 лютага 2018 года.
Пасля гэтага журналісты папрасілі знайсці ўсіх беларусаў, якія атрымалі пашпарт у той самы дзень, выбраць сярод іх паўналетніх і потым праверыць іх праз параўнанне твараў на прадмет таго, ці не з’яўляецца выдадзены ім 13 лютага 2018 года дакумент пашпартам прыкрыцця.
У публікацыі падкрэсліваецца, што гэта доўгая ручная работа, якая не можа быць зроблена хутка: «І яна працягваецца. Але ёсць ужо першая ж пераканаўчая знаходка».
«Белпол» знайшоў як мінімум аднаго чалавека, які атрымаў пашпарт прыкрыцця адначасова з «Віктарам Макавеевым».
Сапраўднае імя гэтага чалавека — Аляксандр Уладзіміравіч Васілеўскі, ён нарадзіўся 25 сакавіка 1984 года. Пашпарт прыкрыцця яму выдалі на імя Аляксандра Уладзіміравіча Краўчыка, які нібыта таксама нарадзіўся 25 сакавіка 1984.
Праект Digital Intelligence Team знайшоў інфармацыю пра гэтага чалавека. Пачынаючы з 2006 года, ён служыў як мінімум у трох вайсковых часцях — 97030, 02102 і 11709.
Апошняе месца працы — в/ч 11709 (да 2016 года мела назву в/ч 51886). Пра гэту часць падрабязна расказвалі ў расследаванні тады яшчэ адзінага «Байпола» ў 2021 годзе.
«Гэта самае закрытае падраздзяленне — дзявятае ўпраўленне ГРУ, на базе якога ў 2014 годзе было створана дыверсійнае спецпадраздзяленне для працы за мяжой», — тлумачыў Алег Талерчык.
Па яго словах, кожны супрацоўнік дзявятага ўпраўлення ГРУ праходзіць навучанне на вайскова-дыпламатычным факультэце Вайсковай акадэміі альбо ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі КДБ Беларусі.
Падчас навучання студэнты ў дасканаласці авалодваюць дзвюма замежнымі мовамі — англійскай, а таксама мовай адной з заходніх краін-суседак.
«НН» нагадвае, што ў Фёдара Гарбачова аднекуль ёсць выдатнае валоданне латышскай мовай. А цяпер, па словах калег па «Варгеймінгу», ён вывучыў яшчэ і літоўскую мову.
Сямашка не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што яе муж валодае латышскай мовай: «Гэта наша хобі, — патлумачыла яна ў фэйсбуку. — У нас нават расклад ёсць: хто якую мову вывучае».
Як выкарыстоўваў свой пашпарт прыкрыцця Васілеўскі? Невядома, піша выданне. Пра яго ўвогуле мала інфармацыі ў даступных базах.
Ёсць толькі факт, што праз тры месяцы пасля атрымання пашпарту прыкрыцця Васілеўскі на 10 сутак выязджаў ва Украіну па сваім асноўным дакуменце. Больш зафіксаваных у базах паездак за мяжу, прынамсі па асноўным пашпарце, у яго не было.
Пашпарт прыкрыцця ў Васілеўскага-Краўчыка такі ж чысты, як у Гарбачова-Макавеева. На яго не аформленая маёмасць ці юрыдычныя асобы, не зарэгістраваны нумары тэлефонаў ці транспарт, ён не ўладкоўваўся па ім на работу ў Беларусі.
Васілеўскі, які атрымліваў пашпарт прыкрыцця разам з Гарбачовым, кадравы афіцэр ГРУ. Гэта можа значыць, што і мужу журналісткі Сямашкі дакумент выдавала тое самае ведамства, выказвае здагадку «НН».
Читайте еще
Избранное