Мілінкевіч: «Лукашэнка толькі тады вызваляе палітвязняў, калі ён баіцца, што не будзе далей кіраваць Беларуссю»

Экс-кандыдат у прэзідэнты павіншаваў Анджэя Пачобута з атрыманнем прэміі Сахарава.

Фота: PAP/Wiktor Dąbkowski

22 кастрычніка беларускі палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут разам са зняволенай журналісткай з Грузіі Мзіяй Амаглабелі былі ўзганагоджаныя прэміяй імя Андрэя Сахарава, заснаванай Еўрапарламентам.

Колішні лаўрэат прэміі, былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч у каментары Радыё Свабода шчыра павіншаваў свайго земляка з узнагародай.

— Ён сапраўды як мала хто заслужыў яе. Я яго ведаю тысячу гадоў. Мы з аднаго гораду. Мы разам адраджалі польскасьць і беларускасьць у Горадні. Гэта чалавек адраджэньня, вельмі сьмелы, мужны чалавек, чалавек ідэі, каштоўнасьцяў. І я думаю, што ён заслужыў гэтую прэмію, і яна, безумоўна, узмоцніць яго шансы на тое, каб быць вызваленым, як і дапаможа іншым беларускім палітвязьням.

Лукашэнка толькі тады вызваляе палітвязьняў, калі ён баіцца, што ня будзе далей кіраваць Беларусьсю. Так было ў часы агрэсіі ў Грузіі, потым анэксія Крыма, і тады вызваляліся палітвязьні. І зараз ён таксама баіцца, што Пуцін прайграе вайну. І ён будзе вызваляць палітвязьняў, я ў гэтым упэўнены, у тым ліку Анджэя.

Мала хто, як журналісты, робяць вялікую справу ўсталяваньня ў сьвеце дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека. Мы дажыліся да такіх часоў, што дэмакратый стала ўжо менш, чым дыктатур. У сьвеце перамагаюць ідэі лічбавага таталітарызму, кіраванага хаосу.

І нават вядучая краіна сьвету перастае дбаць пра дэмакратыю ў іншых дзяржавах. Гэта, канешне, вельмі цяжкія, няпростыя часы, і такія героі, сапраўдныя героі як Анджэй Пачобут вельмі важныя як сымбалі, як людзі, на якіх трэба раўняцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)