Политика

Лукашэнка ў абліччы міратворца. Ці ўдасца яму зноў завабіць у Менск сусьветных лідэраў

Тое, што Аляксандар Лукашэнка імкнецца паўстаць перад сьветам у вобразе міратворца, — гісторыя ня новая. Яму даўно цесна ў вузкіх межах Беларусі, яго цягне на вялікую геапалітычную прастору. Бо ён лічыць сябе палітыкам сусьветнага маштабу, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Запрашэньне ў Менск

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю ня толькі нагаварыў шмат камплімэнтаў Дональду Трампу, але і запрасіў прэзыдэнтаў ЗША, Расеі і Ўкраіны прыехаць у Беларусь на перамовы аб міры:

«Трэба дамаўляцца. Жадаеце — прыяжджайце. Вось, побач — 200 кілямэтраў ад беларускай мяжы да Кіева. Паўгадзіны на самалёце. Прыяжджайце. Вось тут сядзем. Спакойна, бяз шуму, бяз крыкаў дамовімся. Таму перадайце Трампу: я яго чакаю тут разам з Пуціным і Зяленскім. Сядзем і спакойна дамовімся. Калі вы хочаце дамовіцца».

З тэксту запрашэньня вынікае, што маецца на ўвазе ня проста прадстаўленьне месца, пляцоўкі для перамоваў, а ўдзел у іх самога Лукашэнкі, ягоная актыўная мадэрацыя, пасярэдніцтва («Тут сядзем... і спакойна дамовімся»).

Тое, што Аляксандар Лукашэнка імкнецца паўстаць перад сьветам у вобразе міратворца, — гісторыя ня новая. Яму даўно цесна ў вузкіх межах Беларусі, яго цягне на вялікую геапалітычную прастору. Бо ён лічыць сябе палітыкам сусьветнага маштабу. Любіць апынуцца ў цэнтры важных міжнародных падзей, якія прыцягваюць увагу вядучых замежных мэдыя.

Але праблема ў тым, што Беларусь — невялікая краіна зь нязначнай міжнароднай вагой. Прычым краіна праблемная, у значнай меры ізаляваная. Таму магчымасьцяў уплываць на сусьветныя працэсы няшмат. І на спробы Лукашэнкі апынуцца ў цэнтры важных міжнародных падзей замежныя мэдыя рэагуюць млява.

Стварэньне вобразу міратворца

Таму ў сярэдзіне 2010-х гадоў ідэолягі і прапаганда на запыт Лукашэнкі прыдумалі вобраз Беларусі і яе лідэра як міратворца. Тым больш што пачаўся ваенны канфлікт у рэгіёне Ўсходняй Эўропы паміж суседзямі Беларусі: Расеяй і Ўкраінай. І Лукашэнка ўвесь час даводзіў, што гатовы ўзяць на сябе функцыю ўрэгуляваньня гэтай канфрантацыі.

Ён шмат разоў казаў: навошта нам нейкія заходнія пасярэднікі? Мы ж тры славянскія браты — рускія, украінцы, беларусы — давайце сядзем і дамовімся. Няцяжка здагадацца, што менавіта сябе ён бачыў галоўным у гэтай канфігурацыі, у якасьці галоўнага арбітра ў «спрэчцы славян між сабою». А таксама прапанаваў увесьці ў Данбас беларускія міратворчыя сілы.

Пасьля праведзеных у Менску двух самітаў на тэму ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу (верасень 2014 г. і люты 2015 г.), у выніку чаго былі падпісаныя добра вядомыя «Менскія пагадненьні», у палітыцы Беларусі зьявіўся новы канцэпт. Улады абвясьцілі краіну цэнтрам сусьветнага міратворчага працэсу, «донарам бясьпекі» ў рэгіёне, пляцоўкай для вырашэньня міжнародных канфліктаў.

Прапаганда нават паспрабавала раскручваць слоган: Менск — новая Жэнэва ці новы Хэльсынкі. Афіцыйны Менск пачаў фантанаваць міратворчымі ініцыятывамі.

У 2016 годзе Лукашэнка прапанаваў Менск як пляцоўку для ўрэгуляваньня адносін паміж Усходам і Захадам:

— Давайце, каб палепшыць атмасфэру ўзаемаадносінаў дзяржаваў, падумаем пра абнаўленьне Хэльсынскага працэсу і паспрабуем запусьціць міратворчы працэс, магчыма, «менскі працэс».

Каго толькі ён не зьбіраўся мірыць! Менск прапаноўваў ролю пасярэдніка ў прымірэньні Расеі і Турэччыны, калі паміж гэтымі краінамі ўзьнік канфлікт. Беларусь выступіла з ідэяй міратворца і ва ўрэгуляваньні армяна-азэрбайджанскага канфлікту.

У тым жа 2016 годзе Лукашэнка пасьля візыту ў Ватыкан да папы Рымскага агучыў сваю даўнюю ідэю аб сустрэчы ў Беларусі пантыфіка з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы Кірылам. Але гэтага яму здалося мала, і ён пайшоў далей.

«Усё ў руках Госпада. Калі ён дабраславіць, то нашы вышэйшыя герархі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага сьвету, і юдэяў, і іншых канфэсій», — заявіў Лукашэнка.

Рэінкарнацыя вобраза

З таго часу сытуацыя ў рэгіёне ў зьвязку з нападам Расеі на Ўкраіну моцна памянялася. Пасьля 2020 году зьмяніўся і статус Беларусі, і ейнага кіраўніка. У краіне здарыўся востры ўнутрыпалітычны канфлікт, які ня вырашаны і сёньня. Атрымліваецца, што дзяржава, якая ня ў стане ўрэгуляваць уласныя праблемы, прэтэндуе на вырашэньне нейкіх міжнародных канфліктаў.

Беларусь выступіла ў ролі суагрэсара, гэта спрычыніла яе востры палітычны і дыпляматычны канфлікт з Захадам. Менск не спыняе атакі на суседзяў з дапамогай мігрантаў. Дазволіў Расеі скарыстаць тэрыторыю для атакі на Ўкраіну, дазволіў разьмясьціць тут расейскую ядзерную зброю і ракеты «Арэшнік».

Здавалася б, на статусе Беларусі як міратворца можна было б паставіць крыж. Тым ня менш Лукашэнка цягам усіх трох гадоў, як пачалася вайна, упарта імкнецца рэінкарнаваць вобраз міратворца, заклікае да міру, прапануе Ўкраіне спыніць супраціў і здацца, прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў перамовах аб прымірэньні.

І, дарэчы, першыя тры раўнды перамоваў на пачатку вайны адбыліся на беларускай тэрыторыі. Нягледзячы на статус Беларусі як краіны-суагрэсара. Потым перамовы перамясьціліся ў турэцкі Стамбул.

У 2023 годзе Лукашэнка запрасіў прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна наведаць Менск. Ён казаў:

«А навошта Байдэн едзе ў Польшчу?.. Калі ў яго ёсьць жаданьне (вы яму перадайце там па сваіх каналах), мы яго ў Менску гатовыя прыняць і сур’ёзна пагаварыць. Калі ён хоча міру ва Ўкраіне. І нават Пуцін падляціць у Менск, і сустрэнемся тут утрох: два «агрэсары» і «міралюбівы» прэзыдэнт... Я самалёт прышлю, калі што, «Боінг»... Вось паглядзім, як ён прыляціць... Мы зараз па ўсім сьвеце заявім аб тым, што прэзыдэнт Беларусі запрасіў яго ў Беларусь... Калі ён не прыедзе сюды ў Менск (я на поўным сур’ёзе гэта кажу), значыць, вы хочаце вайны... А можа, калі Байдэн захоча, і Зяленскі сюды прыляціць».

Аднак Джо Байдэн тады паляцеў ня ў Менск, а ў Кіеў, да Ўладзіміра Зяленскага, пра якога Лукашэнка казаў даволі грэбліва і ўсяляк ганьбіў («несамастойны», «маладасьведчаны»). А ў Менск тым жа часам замест запрошанага Лукашэнкам Джо Байдэна прыляцеў прэзыдэнт нікім не прызнанай Абхазіі Аслан Бжанія.

Ці слушныя прэтэнзіі Менску?

І вось цяпер Лукашэнка запрашае прыехаць новага прэзыдэнта ЗША. Дарэчы, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў станоўча ацаніў прапанову правесьці перамовы ў беларускай сталіцы:

«Канечне, для нас Менск — гэта найлепшае месца. Гэта наш галоўны саюзьнік. Таму для нас гэта найлепшае месца для перамоваў».

Ёсьць вялікія сумневы, што з прапановай Лукашэнкі пагодзяцца ЗША, а асабліва — Украіна. Паводле апошніх заяваў Уладзімера Зяленскага, Кіеў разглядае Беларусь як пагрозу.

Цяпер прэтэндэнтаў на месца перамоваў шмат. І Беларусь тут далёка не на першым месцы. Аптымальнай была б нэўтральная краіна, якая не заангажаваная ў канфлікт і з гэтай прычыны прымальная для ўсіх бакоў.

Зрэшты, прапанова Лукашэнкі, магчыма, не асабліва і разьлічаная на практычную рэалізацыю. Для яго важна чарговы раз засьвяціцца ў замежных мэдыя, нагадаць пра сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)