Политика

Карбалевіч: Што насамрэч стаіць за заявай расейскай выведкі пра Беларусь

Заява Служба вонкавай выведкі Расеі наконт Беларусі — гэта ня столькі дакумэнт спэцслужбы, колькі палітычны ход, пэўны сыгнал Аляксандру Лукашэнку. Піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

9 лютага Служба вонкавай выведкі Расеі (СВР) апублікавала заяву, у якой папярэдзіла, што Захад чарговы раз рыхтуе «каляровую рэвалюцыю» у Беларусі. Здавалася б, па сёньняшніх часах шараговая падзея.

Аднак выглядае, што, насамрэч, гэтая заява не зусім звычайная. Варта зьвярнуць увагу на некалькі момантаў.

Тое, што Захад падтрымлівае беларускую дэмакратычную апазыцыю ў яе змаганьні за дэмакратызацыю Беларусі, нічога новага няма. Гэта даўно ўсім вядома. А СВР падае згаданую інфармацыю як навіну, здабытую расейскай выведкай праз тайную апэрацыю, як нейкую сэнсацыю ці выкрытую змову.

«Паводле інфармацыі, якая паступае ў СВР, НДА заходніх краін, сярод якіх «дэмакратызатарскія» структуры, агенцтвы і фонды ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Польшчы і іншых эўрапейскіх дзяржаў, акумулююць сілы і сродкі, каб зноў паспрабаваць разгайдаць сытуацыю і дабіцца зьмены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі», — заяўляе СВР РФ.

Здавалася, б, калі СВР Расеі здабыла нейкую новую інфармацыю, датычную Беларусі, то варта было б перадаць здабытую яе па афіцыйным ці неафіцыйным каналах саюзьніку, не выносячы гэта ў публічную прастору.

Хаця б з гледзішча спэцыфікі гэтага ведамства, якое, паводле прыроды сваёй дзейнасьці, павінна пазьбягаць публічнасьці.

Але не. Адбываецца ўсё з дакладнасьцю да наадварот. Бо тут мы маем не інфармацыйную ці аналітычную занатоўку спэцслужбы з выкладаньнем сухіх зьвестак, а палітычны, нават прапагандысцкі, піяраўскі дакумэнт, з літаратурным аздабленьнем, выкарыстаньнем мастацкіх эпітэтаў:

«Ставіцца задача знайсьці ў беларускім грамадзтве новых лібэральных пасіянарыяў… Захаднікі плянуюць правесьці дбайную «інвэнтарызацыю» беларускіх апазыцыйных кадраў… Беларускае грамадзтва, пераадолеўшы зрэжысэраваны варожымі зьнешнімі сіламі ўнутрыпалітычны крызіс 2020 года, атрымала добрую «прышчэпку» ад спроб разгайдаць сытуацыю ў краіне».

Усё гэта падштурхоўвае да думкі, што перад намі ня столькі дакумэнт спэцслужбы, колькі нейкі палітычны ход, пэўны сыгнал. І за плячыма СВР бачная постаць Крамля.

Зьвяртае на сябе ўвагу такая акалічнасьць. Сярод структураў, агенцтваў і фондаў краін Захаду, якія імкнуцца «разгайдаць сытуацыю» ў Беларусі, у дакумэнце СВР на першым месцы пастаўлены ЗША.

Гэта трохі дзіўна. Бо вядома, што Злучаныя Штаты якраз моцна скарацілі фінансавую падтрымку дэмакратычных працэсаў у сьвеце, у тым ліку, у Беларусі. А тут ЗША фактычна абвешчаныя галоўным арганізатарам беларускай «каляровай рэвалюцыі».

Ня выключана, што гэта сыгнал з Масквы менавіта на адрас афіцыйнага Менску. Можна меркаваць, што Крамлю не падабаюцца перамовы Беларусі з ЗША, вынікам якіх павінна стаць нейкая «вялікая ўгода». У Маскве з усё большай трывогай назіраюць, што справа можа не абмежавацца аб’яўленым разьменам: зьняцьце санкцый у абмен на вызваленьне палітвязьняў.

У Расеі ёсьць засьцярога, што гэты працэс можа выліцца ў нешта большае. Пра што сьведчыць уступленьне Беларусі ў створаную Дональдам Трампам Раду міру. Прытым, што сама Расеі не далучылася да згаданай арганізацыі. А 19 лютага ў ЗША адбудзецца першае паседжаньне Рады міру.

Ці не таму менавіта цяпер і зьявілася такое мяккае, але празрыстае папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку, каб не загуляўся, не заходзіў у гэтым працэсе вельмі далёка. Маўляў, гэтыя ж амэрыканцы тайна рыхтуюць рэвалюцыю, а вы вызваляеце ворагаў з вязьніц.

Характэрная рэакцыя беларускага боку. У першы дзень 9 лютага дзяржаўныя мэдыі падалі заяву СВР ня як нейкую сэнсацыю, а проста як навіну ў шэрагу іншых. Толькі на другі дзень прапагандысты актыўна ўключыліся ў кампанію супраць Захаду і апазыцыі, спасылаючыся на гэты дакумэнт.

Але няма рэакцыі з боку афіцыйных асобаў ці ведамстваў, не выказваецца падзяка за каштоўную інфармацыю. Ці ў Менску зразумелі сэнс гэтага сыгналу? Паглядзім, як гэта паўплывае на перамоўны працэс з ЗША.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(8)