Скандалы

Дэпутат-ябацька Алег Навіцкі кінуў беларускіх інвестараў на мільёны даляраў

Цёзка касманаўта не ўзляцеў — падрабязнасці справы высветліла Наша Ніва.

Алег Навіцкі — прадпрымальнік, які да падзей 2020‑га ніколі не хапаў з неба зорак. Але актыўнае заняццё «правільнай» палітычнай пазіцыі дазволіла яму па-сапраўднаму разгарнуцца і дакрануцца да мільёнаў. Прамежкавы вынік — частка 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства ў асабліва буйным памеры).

Наш новы герой сумяшчае ў сабе адразу ўсе архетыпы: ён і судзімы, і ў «патрыёты» запісаўся на хвалі, і таксама не без таленту да вядзення перадавых бізнэсаў.

Алег Навіцкі

Алег Навіцкі — дэпутат Мінскага абласнога савета. Шматдзетны бацька, герой прапагандысцкіх перадач. Бенефіцыяр дзясятка кампаній з сумнеўнымі бізнэс-мадэлямі ці адмоўнымі вынікамі. На гэты момант — падазраваны па ч. 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Беларусі (махлярства ў асабліва буйным памеры).

Выпадак Навіцкага не адметны, а проста ў чарговы раз паказальны: дзівак з крымінальным мінулым, выкарыстоўваючы толькі метад публічнай пахвалы Лукашэнкі, з нуля і за кароткі час здолеў стварыць такую біяграфію і такую ступень даверу да сябе, што адныя панеслі яму мільёны, а другія палічылі сваім і прызначылі ў дэпутаты.

З хабзы ў топ-менеджары

Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, Алег Алегавіч Навіцкі нарадзіўся ў Мінску ў 1979 годзе, скончыў Мінскі энергетычны тэхнікум па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Пасля гэтага працаваў майстрам у рамонтна-будаўнічым упраўленні «Мінскрэмбуда».

У 2000 годзе, па яго словах, пачаў займацца прадпрымальніцтвам. Скончыў Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці, вывучыўся на маркетолага і «мае вопыт вядзення бізнэсу ў 18 краінах»: у Іране, Мексіцы, Індыі і гэтак далей.

Другую частку тэзіса пацвердзіць немагчыма, а вось ІП у Навіцкага сапраўды было з 1998 па 2008 год.

У 2010‑х гадах разам са сваімі шматлікімі братамі і іншымі сваякамі Алег Навіцкі спрабаваў гандляваць аддзелачнай пліткай і наадкрываў масу кампаній. У цяперашніх інтэрв'ю ён часта адсылае да тых часоў, называючы сябе «найбуйнейшым імпарцёрам пліткі ў Беларусі». Але гэта крывадушша.

Адкрытае ў 2014 ТАА «АльфаКераміка-Бел» набрала пазык, менш чым праз тры гады збанкрутавала і было ліквідавана праз суд. ТАА «Кафель Бай» праз год пасля адкрыцця была прададзена іншаму чалавеку з Брэста, Навіцкія да яе дачынення больш не мелі. Адкрытае ў 2015 ТАА «Сіндыкат керамікі» закрылася ў 2018-м, казахстанскі філіял пражыў на год менш.

Пералічваць усе адкрытыя, а ў наступным зачыненыя праз суд або рэарганізацыю кампаніі Навіцкага наўрад ці мае сэнс.

А што трэба згадаць абавязкова, дык гэта нейкія загадкавыя крымінальныя справы за мяжой, дзе з падрабязнасцяў нам вядомы толькі вынік: па дадзеных базы Belpol, у 2013 годзе Алега Навіцкага асудзілі ў польскай Бялай Падлясцы за падробку дакументаў на паўтара гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у 3 гады.

Наперад можна сказаць, што некаторыя з ягоных сённяшніх бізнэс-партнёраў маюць судзімасці па тым жа самым артыкуле, толькі ў Беларусі.

Таксама з баз вядома, што да 2021‑га прынамсі адзін раз Навіцкаму выстаўлялася забарона на выезд з краіны па ініцыятыве аднаго з банкаў — так робіцца, калі чалавек вінен грошай.

У «дарэвалюцыйныя» годы Навіцкі як мог імкнуўся прабіцца на тэлебачанне, спачатку проста засядаючы ў масоўцы ток-шоу, потым задаючы пытанні з залы, а потым ужо выступаючы за трыбунай як эксперт то па плітцы, то па будаўніцтве, то як аўтамабіліст з арыгінальным меркаваннем па праблемах паркоўкі. Нічога сур'ёзнага. Больш пра яго нічога не распішаш — так сабе паспяховы прадпрымальнік з правінцыі, спрабаваў узляцець, але не атрымлівалася.

Пра сапраўды маштабныя праекты Навіцкі пачаў думаць ужо пасля 2020-га, калі ў 2022‑м, на выпаленым ва ўсіх сэнсах камерцыйным полі, стаў лаўрэатам нацыянальнага бізнэс-конкурса «Чалавек справы» ў намінацыі «За самую арыгінальную бізнэс-ідэю, якую ажыццявіў айчынны прадпрымальнік». У тым жа конкурсе, але ў іншай намінацыі, у той год перамог мільярдэр Павел Тапузідзіс.

Што такое ўвогуле гэтая прэмія? Многія беларускія бізнесмены атрымлівалі прапановы стаць яе лаўрэатам за сціплыя пару тысяч даляраў. Мастадонтаў, канечне ж, узнагарожваюць бясплатна, каб у «платнікаў» была добрая кампанія. А «самай арыгінальнай ідэяй» Навіцкага ў 2022‑м стаў смеццевы навінавы агрэгатар 024.by, які па задуме стваральніка меўся стаць «аналагам Бі-Бі-Сі».

За першыя тры гады дзейнасці наватарская кампанія ТАА «24Медыя» згенеравала больш за мільён рублёў страт. Сёння сайт са складанасцю адкрываецца, выстаўляе па паўтары навіны на два дні, а выпадковы карыстальнік праводзіць на ім 38 секунд.

Тым не менш, дзяржынская раёнка хутка зляпіла з Навіцкага візіянера.

Той ужыўся ў ролю, прысвоіў сабе новыя рэгаліі і ўжо не хацеў фігураваць на старонках прэсы іначай як «паспяховы» ці «мецэнат»; паралельна разраджаючыся іншымі геніяльнымі бізнэс-праектамі: ад вэб-барахолкі 24city.by (зачынена) і агрэгатара магчымасцяў для падарожжаў places.gold (Навіцкі жыва распісваў перспектывы: «выкупім Booking!», рэальны вынік — зачынена) да стварэння бізнэс-планаў па забудове Мінскага раёна, на якія ніхто не даў грошай (зачынена).

З раённай прэсы Навіцкі пераехаў на экраны АНТ і БТ.

«Бяспека, чысціня, працуючыя органы ўлады […] нашы плюсы […]», — нахвальваў ён дасягненні рэжыму. Публічны вобраз і падкрэсленая лаяльнасць неўзабаве вынеслі Навіцкага ў абласныя дэпутаты.

Паверыўшы ў сваю зорку, мужчына палез у новы для сябе фінансавы бізнэс, у якім галоўны актыў — давер.

Афёра на мільёны

У маі 2022‑га на ўлік у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва стала кампанія ТАА «Свіс Лізінг». Зарэгістраваная ў 2019-м, яна тры гады існавала на паперы, не маючы супрацоўнікаў. У другой палове таго ж 2022 года былі зарэгістраваныя іншыя важныя для нашай гісторыі кампаніі: ТАА «Глобалфінмаркет», ТАА «Файнекс», ТАА «ГФМ-Інвест».

Па пары словаў пра кожную. «Свіс Лізінг» — на паперы лізінгавая кампанія, публічна прапаноўвала паслугі па зваротным лізінгу нерухомасці і тэхнікі. ТАА «Файнекс» — гэта аператар пляцоўкі па размяшчэнні токенаў Fainex.by. ТАА «ГФМ-Інвест» — кампанія, якой належыць ТАА «Файнекс», а ТАА «Глобалфінмаркет» — гэта кампанія, якой належыць мажарытарная 70% доля ТАА «ГФМ-Інвест». Усе фактычна кантраляваліся Навіцкім.

Па цэнтры сайта ТАА «Свіс Лізінг» сцягнутая з інтэрнэту карцінка альпійскай вёскі, якая павінна навейваць асацыяцыі са швейцарскай стабільнасцю. Хаця ў рэальнасці «Свіс Лізінг» меў такое ж дачыненне і да Швейцарыі, і да лізінгу, як марская свінка з вядомага анекдота да свінняў і да мора

«Свіс Лізінг» прэзентаваў сябе як «частку міжнароднай групы кампаній UAB Lemures» (такой групы кампаній не існуе, а UAB Lemures — проста літоўская юрыдычная асоба, аформленая на Алега Навіцкага, па-нашаму — таварыства з абмежаванай адказнасцю. У 2019‑м — годзе апошняй здадзенай фінансавай справаздачнасці, — UAB Lemures паказала чыстыя страты ад дзейнасці і рост доўгу. На гэты момант кампанія не існуе. ТАА «Свіс Лізінг» у наступным стала належаць іншай кампаніі Навіцкага, ужо беларускай — ТАА «КГС-Гандаль»).

За кароткі перыяд дзейнасці ТАА «Свіс Лізінг» не паспела зарабіць грошай і ў лютым 2026‑га скандальна сышла ў ліквідацыю.

Але што паспела, дык гэта прыцягнуць дзясяткі чужых мільёнаў, каб нібыта іх выгадна ўкласці і вярнуць пазыкі з вялікімі працэнтамі.

Як увогуле працуюць інвестыцыі ў лізінгавыя кампаніі?

Сэнс лізінгу ў тым, што калі камусьці для вядзення бізнэсу патрэбна тэхніка ці нерухомасць, але грошай яшчэ няма (або наадварот — тэхніка і нерухомасць ёсць, але ў моманце спатрэбілася шмат грошай), то тады гэты хтосьці ідзе да лізінгавай кампаніі і кажа «купі мне гэта» або «выкупі ў мяне гэта». Лізінгавая кампанія купляе і здае гэтаму ж кліенту ўдоўгую. Гэта фінансавы бізнэс, для якога важна мець даступнае фандзіраванне. Найбольшыя лізінгавыя кампаніі — пры банках. Не пры банках кампаніі таксама ёсць. Банкі крэдытуюць сваіх канкурэнтаў неахвотна і кепска. Таму адно з выйсцяў — займаць грошы на фінансавым рынку.

І вось «Свіс Лізінг» пераконвала беларускі рынак — інвестараў, — што кліенты і праекты ў іх ёсць, патрэбны толькі грошы. І займала іх праз размяшчэнне токенаў.

За пару год кампанія прыцягнула 36 чужых мільёнаў беларускіх рублёў, з якіх пагасіла 16 мільёнаў і станам на канец верасня 2025‑га мела абавязкі на 20 мільёнаў.

Абяцаны працэнт для крэдытораў кожны раз рос і ў выніку дабраўся да 24% гадавых — у разы больш, чым працэнт па дэпазітах у банку або па токенах іншых лізінгавых кампаній.

Па сутнасці гэта была піраміда. Уся эканоміка «Свіс Лізінгу» трымалася не на таленце дэпутата Навіцкага, а на патоку пазык, кожная з якіх перакрывала папярэднія.

Але перад тым як ісці далей, трэба патлумачыць кантэкст і тэрміналогію.

«Распрацоўка тэмкі»

Пасля прыняцця абноўленага дэкрэта аб Парку высокіх тэхналогій у Беларусі на базе кампаній ПВТ стала магчымым правядзенне ICO і выпуск токенаў з запісам у блакчэйне.

У нашай сітуацый токен — гэта па сутнасці электронная аблігацыя, блакчэйн — гэта па сутнасці публічная электронная бухгалтарская кніга. ICO (initial coin offering) — гэта па сутнасці продаж абавязку.

Кампанія (эмітэнт) выпускае токен (робіць эмісію) праз ліцэнзаваную пляцоўку (рэзідэнта ПВТ), дзе яго купляюць удзельнікі фінансавага рынку. Пляцоўка бярэ свой працэнт, грошы паступаюць эмітэнту, у якога з'яўляюцца фінансавыя абавязкі перад трымальнікамі токенаў па пагашэнні з выплатай працэнтаў. З пазіцыі эмітэнта — гэта атрыманая пазыка пад працэнт, з пазіцыі ўдзельніка рынку — інвестыцыя.

Адрозненне ад выпуску аблігацый — хуткасць працэсу, меншая строгасць ацэнкі кампаніі-пазычальніка.

Прастата ICO гэта не абавязкова кепска, токены выпускаюць многія салідныя беларускія кампаніі проста для эканоміі часу (ці з іншых прычын, якія не з'яўляюцца тэмай публікацыі). Інвестарам гэта таксама цікава праз прастату, даступнасць (можна інвеставаць малымі сумамі) і адсутнасць падаткаабкладання такога прыбытку для фізасобаў.

У Беларусі піянерам сярод ІСО пляцовак стаў Finstore, які належыць банку БелВЭБ. Finstore працуе з 2019 і доўгі час быў манапалістам. Здараліся выпадкі, калі эмітэнты не маглі выканаць абавязкі, але вялікіх скандалаў не было.

Першы сур'ёзны залёт, у якім органы ўбачылі не бізнэс-рызыку, а менавіта намер эмітэнта кінуць інвестараў, здарыўся напачатку 2023-га.

«Самы хуткі дэфолт: эмітэнта токенаў падазраюць у махлярстве на 1 мільён рублёў», — пісаў Office Life толькі ў 2025-м, калі справай зацікавілася Генпракуратура.

Аказваецца, у 2022 годзе кампанія «Акрыкам» выпусціла праз Finstore токены агулам на суму 1 мільён рублёў і 130 тысяч даляраў, а ў пачатку 2023 года кінула сваіх інвестараў, не выплаціўшы працэнтны прыбытак.

І вось у 2025 годзе Генпракуратура палічыла, што ў заснавальнікаў кампаній адразу быў злачынны намер ніколі не вяртаць грошы.

Што за «Акрыкам»? «Спецыялізуецца на вырабе кухонных моек са штучнага каменю і акрылавых ваннаў прэміум-класа».

«Акрыкам» быў зарэгістраваны ў 2018 годзе як дачынная кампанія літоўскай юрыдычнай асобы Навіцкага UAB Lemures, а пасля таго, як тая ў 2019 годзе загнулася, матчына кампанія змянілася на беларускую, але таксама Навіцкага — «Эльфгандальбуд». У чэрвені 2022 года, менш чым праз месяц пасля выпуску першай эмісіі токенаў, «Акрыкам» быў перапісаны на нейкага Сяргея Пасечніка.

Сяргей Пасечнік. Намінальны ўласнік «Акрыкама». Былы міліцыянер батальёна аховы. Пасля звальнення са службы быў двойчы судзімы па 320 ч.1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да дакументаў) і 380 ч.1 (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробных дакументаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Фота: АІС «Пашпарт»

Пры гэтым гандлёвы знак «Акрыкама» і па сёння застаўся належаць Алегу Навіцкаму. Што або ўказвае на складанасць схемы (праз выплаты за карыстанне знакам можна выводзіць грошы з кампаніі, якую па паперах ты наўпрост нібыта не кантралюеш — гэта вядомы фокус), або на тое, што проста кепска падчысцілі хвасты.

Гандлёвы знак «Акрыкама» (злева) і гандлёвы знак, якім з 2020‑га і па сёння валодае Алег Навіцкі (справа). Калаж «Нашай Нівы»

Так ці іначай, «Акрыкам» спыласосіў з рынку адзін мільён рублёў і не вярнуў іх. Ці была кампанія «жывой» — увогуле пытанне. У 2021‑м гадавы зарплатны фонд складаў 5000 рублёў, што азначае — за паўгода да выхаду на фінансавы рынак у кампаніі быў толькі дырэктар на мінімалцы.

Забягаючы наперад, трэба сказаць, што грошы інвестарам «Акрыкама» вярнулі. Але па намінале — то-бок без працэнтаў, а проста чыстую суму ўкладзенага. Гэта адбылося праз тры гады і стала вынікам калектыўнай заявы інвестараў у следчыя органы.

Але тады, у 2021-2022, абкатаную на «Акрыкаме» схему здорава масштабавалі са «Свіс Лізінгам».

Дарадца ў Нацбанку

На момант першай эмісіі махлярскіх токенаў «Акрыкама» камерцыйным дырэктарам пляцоўкі Finstore працаваў Аляксей Сташэўскі, былы супрацоўнік Белзнешэканомбанку і дарадца ў Нацбанку.

Аляксей Сташэўскі. Фота: скрыншот Youtube

Паралельна з выпускам токенаў «Акрыкама» пры Сташэўскім (з вясны 2021 па чэрвень 2022 года) на Finstore было выпушчана з дзясятак праспектаў эмісій токена «Свіс Лізінг» Алега Навіцкага (агулам больш, але ў кантэксце мы падкрэсліваем час, калі Сташэўскі мог уплываць на рашэнні, бо гэта будзе важна ў далейшым).

Кампанія, у штаце якой у 2021 годзе — паводле выпісак з рэгістра — таксама не было ніводнага супрацоўніка, апроч дырэктара без заробку, ужо пачала прыцягваць праз Finstore сотні тысяч у валюце: першая эмісія на 200 тысяч даляраў, другая на 200 тысяч еўра і гэтак далей.

Знізу ўверх. Суммы першых ICO «Свіс Лізінгу». Скрыншот Castle.by

Самыя першыя токены выдаваліся пад заклад маёмасці, якой фактычна валодаў Навіцкі ў Сеніцы.

У Сеніцы, на вуліцы Армейскай, 7, стаіць офісны будынак, пабудаваны з літаральна самых танных матэрыялаў на рынку. Нясціпла называецца «бізнэс-цэнтр Вікторыя».

«Бізнэс-цэнтр» «Вікторыя», які знаходзіцца на балансе кампаніі «КГС-Гандаль» — матчынай кампаніі «Свіс Лізінг»

На момант першай эмісіі Finstore ацаніў гэты будынак у 884 тысячы даляраў (па 1100 даляраў за квадратны метр!). Будынак належаў Навіцкаму праз кантроль над кампаніяй «КГС-Гандаль», але былі нюансы.

Станам на 2021 год кампанія-ўласнік гэтай нерухомасці, як мы бачым у базах, мела даўгоў на 1 390 000 рублёў, у той час як балансавы кошт самой нерухомасці быў 1 232 000 рублёў. А гадавы прыбытак ад яе — 26 тысяч рублёў. Каму і пад які працэнт быў вінны «КГС-Гандаль» за будаўніцтва «Вікторыі», мы не ведаем.

Невядома, ці ўвогуле не быў на момант выхаду «Свісс Лізінг» на ІСО гэты будынак ужо ў закладзе іншаму крэдытору кампаніі «КГС-Гандаль».

Другая эмісія токенаў «Свіс Лізінг» на 1 мільён даляраў адбылася 19 ліпеня 2021 года. Яны ўжо былі не забяспечаныя (без закладу).

У мэтах пісалася, што прыцягнутыя грошы могуць быць выкарыстаны ў тым ліку для пагашэння абавязкаў эмітэнта.

У ліпені 2022‑га камерцыйны дырэктар Finstore Аляксей Сташэўскі (калі верыць ягонай старонцы ў Linkedin) звольніўся (як лічыцца ў банкаўскай тусоўцы — прыхапіўшы з сабой праграмны код рашэння Finstore) і пайшоў рабіць канкурэнта манапалісту. Разам з кім?

Восенню 2022‑га Сташэўскі стаў дырэктарам новай пляцоўкі па размяшчэнні токенаў — Fainex (ТАА «Файнекс»). Як мы ўжо пісалі вышэй, ТАА «Файнэкс» належыць ТАА «ГФМ-Інвест», а тая — на 70% належыць ТАА «Глобалфінмаркет». Іншымі словамі, за дзвюма фірмамі-пракладкамі хаваюцца рэальныя ўласнікі: 10% ТАА «Глобалфінмаркет» у самога Аляксея Сташэўскага, а 90% — у Тамары Навіцкай, жонкі Алега Навіцкага.

Такім чынам, новы гулец беларускага рынку токенаў дэ-факта стаў кантралявацца тым, хто зусім нядаўна — як у наступным заявіць пракуратура — спецыяльна кінуў інвестараў на іншай пляцоўцы ад імя «Акрыкама» і быў у працэсе — як акажацца ў наступным — нашмат большага кідка па токенах «Свіс Лізінг».

Цягам 2023‑2024 гадоў фінансавая справаздачнасць «Свіс Лізінгу» стала выглядаць вельмі нездарова для лізінгавай кампаніі нават у вачах тых, хто не з'яўляецца экспертамі ў інвестыцыях.

Перагружанасць запасамі і таварамі ў балансе, нізкая абарочваемасць капітала і амаль нулявыя прыбыткі — і гэта ў фінансавай арганізацыі?

У снежні 2023‑га «Свіс Лізінг» выпусціў трэцюю эмісію токенаў на Finstore. Пад заклад пайшла асабістая маёмасць Навіцкага і яго жонкі: два парковачныя месцы, два кабінеты…

Магчыма, праз нежаданне ці немагчымасць прайсці праверку для допуску на Finstore «Свіс Лізінг» з верасня 2024 стаў прапаноўваць свае токены на сваёй ручной платформе Fainex.

А Fainex ніколі не паведамляў пра афіляванасць пляцоўкі з кампаніяй, у інтарэсах якой яна размяшчае токены.

Так ці іначай, вынік вядомы: 28 студзеня 2026 года Міністэрства фінансаў апублікавала рэліз «Аб невыкананні абавязкаў па аблігацыях, эмітаваных ТАА «Свіс Лізінг». Нявыплата працэнтаў азначае, што кампанія не справілася з узятым абавязкам. Інвестараў кінулі. Сама кампанія «Свіс Лізінг» сышла ў ліквідацыю, як і абсалютная большасць адкрытых Навіцкім кампаній да таго.

Колькі людзей кінулі і на якую суму?

Як мы пісалі вышэй, сума каля 20 мільёнаў беларускіх рублёў. Аналітычны рэсурс castle.by дакладней ацэньвае, што на сёння ў «Свіс Лізінга» абавязкаў па токенах на больш чым 3,6 мільёна даляраў, 1,3 мільёна еўра і 4,6 мільёна рублёў.

Дакладную колькасць інвестараў назваць немагчыма, таму што ў адкрытых крыніцах мы бачым колькасць пакупнікоў кожнага выпуску токенаў, але нейкая частка ў кожным з іх могуць быць аднымі і тымі ж людзьмі. Адпаведна, пацярпелых ад некалькіх соцен да пары тысяч.

Fainex працягвае дзейнасць.

Дык дзе грошы? І дзе Навіцкі?

Мы не ведаем, ці меў Алег Навіцкі з самага пачатку намер кінуць інвестараў. Можна ж дапусціць і іншае — проста бесталковы бізнэсмен, у якога не атрымалася, хаця ён сумленна стараўся. Гэта ўсё бізнэс-рызыкі.

Але з улікам ацэнкі яго біяграфіі і доўгай гісторыі стратных бізнэсаў і даўгоў узнікае пытанне — а чым рызыкаваў ён сам? Ці былі ў яго самога грошы? Ці ён гуляў толькі на чужыя? Або гасіў свае папярэднія даўгі? Бо фактычна то зніклі мільёны. І гэтая гісторыя — ці не найбольшая на гэты момант афёра на беларускім ІСО рынку.

Гісторыя са «Свіс Лізінгам» ад самага пачатку будавалася на хлусні. І гаворка не толькі пра назву і пячатку арганізацыі ў выглядзе швейцарскага белага крыжа на чырвоным фоне.

Ніякім лізінгам гэтая кампанія па сутнасці не займалася. Яе кліенты невядомыя. На момант пачатку ІСО у кампаніі нават не было супрацоўнікаў.

Прапанова зняць памяшканні ў Сеніцы і сёння вісіць на «Куфары». Але фактычна адзіныя рэальныя кліенты — гэта шматлікія кампаніі самога Навіцкага без прыбыткаў, а таксама офіс Fainex. Больш ніякія кампаніі сваё знаходжанне па гэтым адрасе не дэкларавалі.

Аб арыштах маёмасці Навіцкага мы ведаем ад кінутых інвестараў, якія цяпер ходзяць на апытанні ў Следчы камітэт. На дэпутата заведзеная крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 — махлярства ў асабліва буйным памеры. Маёмасць у Сеніцы арыштаваная. Там усяго 825 метраў. Тых самых, пад заклад якіх выпускаліся першыя токены. Яе не хопіць для пагашэння абавязкаў перад кінутымі рознічнымі інвестарамі.

Чаму Навіцкі палез у 2024 у дэпутаты? У тэорыі гэта дапамагала яму падманваць інвестараў. Іншы бок пытання — менавіта подпісамі такіх дэпутатаў часта вырашаюцца зямельныя пытанні ў раёнах. Можа, лічыў што нешта выгарыць. А так як у сённяшняй Беларусі любы дурань, які гатовы адкрыта нахвальваць рэжым і прапаведаваць у масах — каштоўны, то яго і лукашысты прынялі ў свае шэрагі.

Праўда, калі наступны раз фаніпальскія выбаршчыкі ўбачаць свайго дэпутата — невядома. З кастрычніка 2025‑га ў раёнцы перасталі публікавацца анонсы прыёму насельніцтва Навіцкім.

Дзе цяпер знаходзіцца Навіцкі — у СІЗА ці на волі, а калі на волі, то ў Беларусі ці за мяжой — невядома. «Наша Ніва» дазванілася да яго жонкі, тая быццам бы паабяцала паклікаць яго да тэлефону, а потым выклік абарваўся і яна перастала здымаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)