Калега, які рыхтаваў для мяне ўсе паперы, але сам не з’ехаў, аднойчы сказаў: «Ведаеш, мы не эмігравалі, бо страшэнна баяліся. Баяліся больш таго, што нас чакае там, чым таго, што з намі адбывалася тут. Невядомасць паралізавала нашыя дзеянні».
«Без беларускіх эмігрантаў цяжка было б уявіць Беларусь. Было б як з Паўночнай Карэяй, пра якую ніхто нічога не ведае»
Былы польскі палітвязень і палітэмігрант Яраслаў Халадзецкі — пра досвед палітычнай эміграцыі, падзел на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся, і што важнае для захавання адзінства.
У далёкім 1980-м Яраслаў Халадзецкі працаваў у буйной польскай кампаніі, дзе неўзабаве стаў старшынём прафсаюза «Solidarność» і адным з лідараў рэгіянальнага прафсаюза, спрычыніўся да стварэння рабочага ўніверсітэта і вялікай грамадскай мэты — пабудаваць дэмакратыю ў краіне. Быў зняволены з палітычных прычын, вымушаны быў разам з сям’ёй з’ехаць з Польшчы ў ЗША і змог вярнуцца толькі праз шмат год.
У вялікай гутарцы з Еўрарадыё былы палітвязень распавёў пра той досвед і ці можна параўноўваць сітуацыі палякаў і цяперашняе становішча беларусаў. Выбралі важныя моманты з гэтай размовы.
Згадваючы, ці быў у палякаў замежжа канфлікт паміж «старой» і «новай» апазіцыяй, Халадзецкі гаворыць:
— Так, і вельмі істотны. Бо рамантычнае бачанне старой эміграцыі Польшчы зводзілася да свята — у выглядзе кракаўскага адзення, песень, народных танцаў. Маўляў, нядзельная школа і агульныя маніфесты сведчаць пра тое, што мы паходзім з пэўнай зямлі, што з ёй нас аб’ядноўвае нешта агульнае — аднак у палітыцы мы не разбіраемся і не займаемся ёю.
У той час, як мы займаліся і мелі ідэі, як змяніць існы стан. «Народнасць» нас не цікавіла. Цікавіла, у якім кірунку развіваецца краіна і якой яна будзе, якія людзі будуць ёй кіраваць. Гэта было важна.
А што наконт падзелу ў грамадстве, на тых, хто з’ехаў і тых, хто застаўся?
— Гэта, бадай, самае складанае пытанне эміграцыі і разыходжання агульных шляхоў, — мяркуе Халадзецкі. — Мы былі на адной дарозе і змагаліся за адно і тое ж. А калі аддаліліся геаграфічна — з гэтага моманту да нас паставіліся як да тых, хто на нешта наважыўся.
З іх пункту гледжання, яны атрымалі горшае, хоць і прасцейшае. Бо засталіся тут, на аб’екце, будуць абараняць, ахоўваць — а значыць, падвяргаць сябе большай рызыцы. Гэта, я лічу, вельмі суб’ектыўна.
Факт, што сяброўства, разарванае эміграцыяй, мусіла быць балючым для абодвух бакоў. Вельмі шкадую, што многія мае калегі, з якімі мы разам сядзелі ў турме і для якіх я быў важны, засталіся — і дагэтуль маюць да мяне прэтэнзіі.
Лічу, што сёння сітуацыя іншая. Тады з’язджалі, думалася, назаўжды. Сёння — нібы на хвіліну, бо ўсё адбываецца так хутка, што ніхто не верыць, быццам нешта ёсць назаўсёды. Нічога сёння няма назаўсёды, толькі на хвіліну. Таму свабода таксама будзе праз хвіліну. Альбо несвабода.
На мой погляд, вы робіце вельмі важную справу — сведчыце. Без вашай прысутнасці тут цяжка было б уявіць Беларусь.
Было б як з Паўночнай Карэяй, пра якую ніхто нічога не ведае, бо ніхто адтуль не выязджае. А беларуская справа — жывая, заўважная.
Тут у Варшаве беларускае жыццё вельмі бачнае, шмат бізнесаў, якія перавезлі сюды. І для вонкавых назіральнікаў гэта істотна, бо паказвае памкненні і магчымасці: гэтая краіна можа зрабіць толькі адзін інтэрнет-праект, умоўна, World of Thanks ці можа зрабіць нашмат болей? І гэта ўсё набліжае Беларусь да Еўропы больш, чым тыя, хто застаўся ў Беларусі, сабе ўяўляюць.
На маю думку — беларусам за мяжой няварта некага ў краіне пераконваць: слухай, я раблю нешта важнае, стараюся быць непахісным, рабіць лепш, бо аб’ектыўна маю больш магчымасцяў, чым вы, бо карыстаюся свабодай, якую вы не маеце. Варта проста рабіць сваю справу — а потым, магчыма, многія зразумеюць, наколькі гэта было важна.
Ролі, якія мы выконваем незалежна ад таго, дзе мы знаходзімся, могуць быць аднолькава важнымі для справы — у польскім, як і ў беларускім выпадку, для справы адзінства і цывілізацыйнага прагрэсу. Каб потым, пасля атрымання незалежнасці, хутчэй наладзіць жывыя адносіны з Еўропай, дапасоўвацца да нормаў і правілаў ЕС.
Читайте еще
Избранное