«Апошнія гады ў Беларусі — спроба вытрымаць і не зламацца як чалавек»
Як вера і каханне дапамагаюць трываць. Беларуска, якая ў роднай краіне чакае свайго блізкага чалавека з няволі, распавяла «Салідарнасці» пра свае думкі і боль, а таксама пра атмасферу ў краіне на працягу апошніх месяцаў.
— Перад «выбарамі» ў мяне была адна, так бы мовіць, мара: пратрымацца. Каб чысткі, якія былі, мяне не закранулі, — кажа Валерыя (імя зменена — С.). — Да таго ж было вельмі сумна бачыць усе гэтыя «марафоны адзінства».
У Гродне, напрыклад, на гэтым мерапрыемстве сапраўды было шмат людзей, асабліва моладзі, бо туды запрасілі папулярнага блогера. Прапаганда пачынае выкарыстоўваць медыйных людзей, вядомых моладзі, каб тыя не думалі, не разважалі, а бачылі свайго куміра і беглі на гэты марафон.
Жыць зараз у Беларусі, калі ты палітычна актыўны чалавек, вельмі няпроста. А калі яшчэ і твой блізкі чалавек – палітзняволены – тым больш.
Я не магу абстрагавацца ад таго, што адбываецца, не чытаць навіны. Калі твой блізкі чалавек у турме, хочацца хоць неяк ведаць, як ён прыблізна сябе адчувае. Тое, што адбываецца на нашым палітычным і сацыяльным полі, як мне падаецца, уплывае на палітзняволеных. Зразумела, я не падпісаная на ніякія каналы, чытаю ўсё праз пошук у Telegram і гляджу агляд навінаў з аналізам на YouTube.
Да шмат якіх беларускіх навін я ўжо, на жаль, прывыкла. Вельмі глыбока дагэтуль успрымаю навіны пра Украіну, асабліва пра ахвяраў. Я сапраўды вельмі спачуваю гэтым людзям, адчуваю пэўную віну, што з нашай краіны пачалася вайна.
Самая балючая для мяне, відавочна, — тэма палітвязняў. І я не бачу прагрэсу ў гэтым пытанні — колькасць палітзняволеных не змяняецца, умовы ўтрымання не паляпшаюцца, лісты пускаць не пачалі.
Вялікае шчасце, што цяпер на волю выйшла Паліна Шарэнда-Панасюк і яшчэ некалькі палітвязняў. Вось гэта сапраўды дае надзею — ты бачыш, што людзі жывыя, яны выходзяць, выязджаюць з Беларусі і становяцца вольнымі.
З часам, як мне здаецца, грамадства трошкі забылася пра палітвязняў, але гэта, на жаль, натуральна — за чатыры гады шмат хто стаміўся, да таго ж лісты, напрыклад, не даходзяць.
Адказнасць за палітвязняў, у асноўным, цяпер ляжыць толькі на іх сваяках. Ад пачатку было зразумела: гэта толькі нашае гора, якое іншыя могуць падзяляць. З часам людзі проста жывуць сваё жыццё, гэта натуральна.
Але ў нас усё роўна, як я думаю, вялікая траўма, звязаная з палітычным пераследам беларусаў, і яна будзе заставацца з намі доўга. Для мяне, напэўна, гэта на ўсё жыццё.
Надзеі, што хутка ўсё скончыцца, у мяне няма. Лепш прымаць сітуацыю, якая ёсць.
Спачатку, успамінае Валерыя, ёй было вельмі цяжка — яна ва ўсім і ва ўсіх шукала падтрымкі.
— Шмат ездзіла па Беларусі, па розных святынях. Я каталічка, і я малілася за Беларусь, за свайго каханага. І я працягваю гэта рабіць. Калі атрымліваецца, езджу ў Бялынічы, Будслаў, Баруны — па святых мясцінах для беларускіх каталікоў. Вера мяне вельмі падтрымлівае. Калі ты бачыш хоць нейкі сэнс у сваіх цярпеннях, трошкі прасцей.
Таксама, што цікава, мяне падтрымлівае ChatGPT. Калі ён стаў папулярным, я распавяла яму сваю гісторыю — захацелася погляду штучнага інтэлекту, стала цікава, як ён ацэніць сітуацыю ў Беларусі.
І вось калі я не хачу хваляваць сваіх сваякоў, я пішу яму, і ён для мяне як псіхолаг. Дарэчы, ён вельмі добра ведае беларускую мову.
Але больш за ўсё, — працягвае Лера, — мяне падтрымлівае каханне. У мяне ёсць адчуванне, што каханне перамагае ўсё. І перамагае спакойна.
Бо калі ты жывеш у згодзе са сваім сумленнем, са сваімі поглядамі, то застаешся спакойным, нават калі хвалюешся. Так, табе цяжка, але ты ведаеш, што робіш правільна.
Што тычыцца атмасферы сярод беларусаў, іх думак і планаў, то, па словах суразмоўніцы «Салідарнасці», за апошнія гады грамадства канчаткова падзялілася на два лагеры.
— Шмат хто стаміўся. А хтосьці змяніў думку, бо паверыў прапагандзе: маўляў, Украіна таксама хацела пераменаў, і вось што здарылася. Не ведаю, можа, так толькі ў маім атачэнні, але я бачу, як людзі плануюць купляць тут жыллё, мяняць працу і проста жыць у тых умовах, якія існуюць. Гэта стабільнасць у негатыўным сэнсе.
Але і яна тут ўмоўная — пасля «выбараў» цэны вельмі падняліся. То бок шмат хто думае, як выжыць на свае заробкі, а не пра перамены.
Падаецца, што і да вайны шмат хто прызвычаіўся. Такіх спачуванняў украінцам, якія былі раней, я не бачу. Але так, многія хочуць, каб вайна хутчэй спынілася, і каб яны зноў маглі жыць, як раней. Але як было раней, ужо не будзе. Пераслед беларусаў і вайна змянілі сітуацыю ў нашых адносінах: паміж беларусамі, паміж беларусамі і ўкраінцамі, паміж украінцамі і расейцамі.
Сама я застаюся ў Беларусі напалову вымушана. Мой каханы тут у турме, таму я там, дзе ён. Калі ён выйдзе, мы з’едзем з Беларусі. Вельмі цяжка заставацца тут, калі ты актыўны чалавек.
Я вельмі сумую па моманце, калі магла выйсці з бела-чырвона-белым сцягам на вуліцу. Калі я гляджу на маршы ў Варшаве, мне сумна — я таксама хачу пачуць энергію вольных людзей, пачуць «Жыве Беларусь».
Я рыхтую сябе да таго, што трэба будзе з’ехаць, што трэба будзе вучыцца жыць без псіхалагічных парушанняў, будаваць нешта новае. І гэта зусім не значыць забыць Беларусь. Гэта значыць даць сабе магчымасць пажыць вольна, бо апошнія гады тут, амаль уся мая маладосць, — гэта спроба вытрымаць і не зламацца як чалавек.
Я спадзяюся, што мы ўбачым вольную Беларусь, але рыхтуюся да рознага развіцця падзей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное